1 Кар 5
Ходзіць пэўная чутка пра распусту сярод вас, ды такую распусту, якое ня чуваць нават у язычнікаў: нехта за жонку мае бацькаву жонку.
І вы заганарыліся, замест таго, каб лепей плакаць, каб забраць спаміж вас таго, хто зрабіў гэта.
А я, целам адсутны, але прысутны ў вас духам, ужо пастанавіў, як бы калі б быў сярод вас: таго, хто ўчыніў такое,
на сходзе вашым у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста разам з маім духам, сілаю Госпада нашага Ісуса Хрыста,
аддаць сатане на зьнемажэньне плоці, каб дух быў выратаваны ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Няма чым вам хваліцца. Хіба ня ведаеце, што каліва закваскі расчыняе ўсё цеста?
Дык вось, ачысьціце старую закваску, каб сталіся вы новым цестам, бо вы прэсныя, бо Пасха наша Хрыстос, ахвяраваны за нас.
А таму будзем сьвяткаваць не са старою закваскаю, не з закваскаю заганы і падступнасьці, а з праснакамі чысьціні і праўды.
Я пісаў вам у пасланьні - не вадзіцца з блудадзеямі;
10 але ня ўвогуле з блудадзеямі сьвету гэтага, ці зь ліхазьдзірцамі, ці з драпежнікамі, ці з балавахваламі, бо інакш трэба было б вам выйсьці зь сьвету гэтага,
11 а пісаў я вам ня супольнічаць з тым, хто, называючыся братам, застаецца блудадзеем, ці ліхазьдзірцам, ці балвахвалам, ці ліхасловам, ці п'яніцаю, ці драпежнікам; з такім нават і ня есьці разам.
12 Бо што мне судзіць і староньніх? Ці ж не сваіх вы судзіце?
13 А староньніх судзіць Бог. Выкіньце распуснага спасярод вас.