1 Кар 6
Як можа каторы з вас, маючы зыскі да іншага, судзіцца перад бязбожнымі, а ня перад сьвятымі?
Хіба ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? А калі вы будзеце судзіць сьвет, дык ці ж вы ня вартыя судзіць менш важныя справы?
Хіба ня ведаеце, што мы будзем судзіць анёлаў, дык ці ня тым болей справы жыцьцёвыя?
А вы, калі маеце жыцьцёвыя цяжбіны, ставіце за судзьдзяў тых, хто за нішто не ўважаецца ў царкве.
На сорам ваш кажу: няўжо няма сярод вас ніводнага разумнага, які мог бы рассудзіць братоў сваіх?
Але брат з братам судзіцца, і да таго ж перад няверуючымі.
І тое ўжо даволі вас прыніжае, што вы маеце цяжбіны паміж сабою. Ці ня лепей было б вам заставацца ў крыўдзе? ці ня лепей было б вам цярпець нягоды?
Але вы самі крыўду ўчыняеце і адбіраеце, да таго ж у братоў.
Хіба ня ведаеце, што няправедныя Царства Божага не спадкуюць? Не ашуквайце саміх сябе: ні блудадзеі, ні балвахвалы, ні пералюбцы, ні ганебцы, ні рукаблуды, ні мужаложцы,
10 ні ліхазьдзірцы, ні зладзеі, ні п'яніцы, ні ліхасловы, ні драпежнікі - Царства Божага не спадкуюць.
11 І такімі былі некатроыя з вас, але абмыліся, але асьвяціліся, але апраўдаліся імем Госпада нашага Ісуса Хрыста і Духам Бога нашага.
12 Усё мне можна, ды ня ўсё на карысьць; усё мне можна, але нішто не павінна валодаць мною.
13 Ежа для чэрава, а чэрава для ежы; але Бог зьнішчыць і тое і другое. А цела не для распусты, а для Госпада, і Гасподзь для цела.
14 Бог уваскрэсіў Госпада, уваскрэсіць і нас сілаю Сваёю.
15 Хіба ня ведаеце, што целы вашыя - чэлесы Хрыстовыя? Дык вось, ці адны чэлесы ў Хрыста, каб зрабіць іх чэлесамі распусьніцы? Хай ня будзе!
16 Альбо ня ведаеце, што той, хто паруецца з распусьніцаю, робіцца адным целам зь ёю; бо сказана: «двое будуць адна плоць».
17 А хто яднаецца з Госпадам, ёсьць адзін дух (з Госпадам).
18 Унікайце распусты; усякі грэх, які ўчыняе чалавек, ёсьць па-за целам, а распусьнік грэшыць супраць свайго цела.
19 Ці ня ведаеце, што целы вашыя - храм Сьвятога Духа, Які ў вас жыве, Якога маеце вы ад Бога, і вы не належыце сабе?
20 Бо вы куплены дарагою цаною. Таму ўслаўляйце Бога і ў целах вашых і ў душах вашых, якія - Божыя.