3 Цар 10
1 Царыца Саўская, дачуўшыся пра славу Саламона ў імя Госпада, прыйшла выпрабаваць яго загадкамі.
2 І прыйшла яна ў Ерусалім зь вельмі вялікім багацьцем: вярблюды наўючаны былі пахошчамі і вялікім мноствам золата і каштоўнымі камянямі; і прыйшла да Саламона і гутарыла зь ім пра ўсё, што было ў яе на сэрцы.
3 І растлумачыў ёй Саламон ўсе словы яе, і ня было нічога не вядомага цару, чаго б ён не растлумачыў ёй.
4 І ўбачыла царыца Саўская ўсю мудрасьць Саламона і дом, які ён пабудаваў,
5 і ежу за сталом у яго, і жытло рабоў ягоных, і статнасьць слуг ягоных, і вопратку іхнюю, і чашнікаў ягоных, і цэласпаленьні ягоныя, якія ён прыносіў у храме Гасподнім. І не магла яна болей стрымацца
6 і сказала цару; слушна тое, што я чула ў зямлі сваёй пра дзеі твае і пра мудрасьць тваю;
7 але я ня верыла словам, пакуль ня прыйшла, і ня ўбачылі вочы мае: і вось, мне і палавіны ня сказана; мудрасьці і багацьця ў цябе болей, чым як я чула.
8 Шчасныя людзі твае і шчасныя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад табою і чуюць мудрасьць тваю!
9 Хай будзе дабраславёны Гасподзь Бог твой, які дабраволіў пасадзіць цябе на трон Ізраілеў! Гасподзь, у вечнай любові Сваёй да Ізраіля, паставіў цябе царом - чыніць суд і праўду.
10 І падарыла яна цару сто дваццаць талантаў золата і вялікае мноства пахошчаў і каштоўныя камяні: ніколі яшчэ ня прыходзіла такога мноства пахошчаў, якое падарыла царыца Саўская цару Саламону.
11 І карабель Хірамаў, які прывозіў золата з Афіра, прывёз з Афіра вялікае мноства чырвонага дрэва і каштоўных камянёў.
12 І зрабіў цар з гэтага чырвонага дрэва парэнчы для храма Гасподняга і для дома царскага, і гусьлі і псалтыры сьпевакам. Ніколі ня прыходзіла столькі чырвонага дрэва і ня відаць было да гэтага дня.
13 І цар Саламон даў царыцы Саўскай усё, чаго яна жадала і чаго прасіла, звыш таго, што падарыў ёй цар Саламон сваімі рукамі. І выправілася яна назад у сваю зямлю, яна і ўсе слугі яе.
14 У золаце, якое прыходзіла Саламону кожны год, вагі было шасьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талантаў залатых,
15 звыш таго, што атрымлівалі ад разносчыкаў тавару і ад гандлю купцоў, і ад усіх цароў Аравійскіх і ад абласных начальнікаў.
16 І зрабіў цар Саламон дзьвесьце вялікіх шчытоў з каванага золата, па шэсьцьсот сікляў пайшло на кожны шчыт;
17 і трыста меншых шчытоў з каванага золата, па тры міны золата пайшло на кожны шчыт; і паставіў іх цар у доме зь ліванскага дрэва.
18 І зрабіў цар вялікі трон са слановай косьці і абклаў яго чыстым золатам;
19 да трона было шэсьць прыступак; верх за тронам быў круглы, і былі абапал каля месца сядзеньня поручы, і два львы стаялі каля поручаў;
20 і яшчэ дванаццаць ільвоў стаялі там на шасьці прыступках абапал. Падобнага на гэта ня бывала ні ў адным царстве.
21 І ўвесь посуд для піцьця ў цара Саламона быў залаты, і ўвесь посуд у доме зь ліванскага дрэва быў з чыстага золата; з срэбра нічога ня было, бо срэбра ў дні Саламонавыя лічылася ні за што;
22 бо ў цара быў на моры Тарсіскі карабель з караблём Хірамавым; адзін раз у тры гады прыходзіў Тарсіскі карабель, - прывозіў золата і срэбра, і слановую косьць, і малпаў, і паваў.
23 Цар Саламон пераўзыходзіў усіх цароў багацьцем і мудрасьцю.
24 І ўсе цары на зямлі намагаліся ўбачыць Саламона, каб паслухаць мудрасьці ягонай, якую ўклаў Бог у сэрца ягонае.
25 І яны падносілі яму, кожны ад сябе, у дарунак: посуд срэбны і залаты, і вопратку і зброю і пахошчы, коней і мулаў кожны год.
26 І набраў Саламон калясьніц і вершнікаў; у яго было тысяча чатырыста калясьніц і дванаццаць тысяч вершнікаў; і разьмясьціў ён іх па калясьнічных гарадах і пры цары ў Ерусаліме.
27 І зрабіў цар срэбра ў Ерусаліме роўнавартасным з простымі камянямі, а кедры, паводле іх мноства, зрабіў роўнавартаснымі зь сікаморамі, якія растуць на нізкіх месцах.
28 А коней цару Саламону прыводзілі зь Егіпта і з Кувы; царскія купцы куплялі іх з Кувы за грошы.
29 Калясьніцу зь Егіпта атрымлівалі і дастаўлялі за шэсьцьсот сікляў срэбра, а конь за сто пяцьдзясят. Такім самым чынам яны рукамі сваімі дастаўлялі ўсё гэта царам Хэтэйскім і царам Арамэйскім.