1 Вал 16
І было слова ГОСПАДА да Егу, сына Хананіі, супраць Баашы, кажучы:
«За тое, што Я цябе падняў з парахна і паставіў правадыром над народам Маім, Ізраілем, а ты хадзіў шляхам Ерабаама і ўводзіў у грэх народ Мой, Ізраіля, каб Мяне гнявіць грахамі іхнімі,
вось, Я вымету рэшткі Баашы і рэшткі дому ягонага і зраблю з домам ягоным тое, што зрабіў з домам Ерабаама, сына Навата.
Хто ў Баашы памрэ ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ ў полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныя».
Іншыя дзеяньні Баашы, і ўсё, што ён рабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
І супачыў Бааша з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Тырцы. А пасьля яго стаў валадаром Эла, сын ягоны.
І зноў было слова ГОСПАДА праз прарока Егу, сына Хананіі, супраць Баашы і дому ягонага дзеля ўсякага зла, якое ён чыніў у вачах ГОСПАДА, гневаючы Яго ўчынкамі рук сваіх, калі рабіў так, як дом Ерабаама, які ён выгубіў.
У дваццаць шостым годзе Асы, валадара Юды, Эла, сын Баашы, стаў валадаром над Ізраілем у Тырцы на два [гады].
І слуга ягоны Зімры, начальнік над паловаю калясьніцаў, змовіўся супраць яго. І калі Эла быў напіўся ў доме Арцы, загадчыка дому ў Тырцы,
10  Зімры напаў на яго, і ўдарыў яго, і забіў яго ў дваццаць сёмым годзе Асы, валадара Юды, і стаў валадаром замест яго.
11  І калі ён стаў валадаром, і сеў на пасадзе ягоным, ён выбіў увесь дом Баашы, і не пакінуў з яго анікога, хто мочыцца на сьцяну, ані сваякоў, ані сяброў ягоных.
12  І зьнішчыў Зімры ўвесь дом Баашы паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў пра Баашу праз Егу прарока
13  з прычыны ўсіх грахоў Баашы і грахоў Элы, сына ягонага, якімі яны самі грашылі і якімі ўводзілі ў грэх Ізраіля, гневаючы ГОСПАДА, Бога Ізраіля, марнасьцямі сваімі.
14  А іншыя дзеяньні Элы, і ўсё, што ён рабіў, запісана ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
15  У дваццаць сёмым годзе Асы, валадара Юды, заваладарыў Зімры на сем дзён у Тырцы, а народ [Ізраіля] разлажыўся табарам каля Гіббэтону, гораду Філістынцаў.
16  І пачуў народ, які разлажыўся табарам, што ка­жуць: «Зімры ўчыніў змову і забіў валадара». І ўвесь Ізраіль, які быў у табары, паставіў у той дзень валадаром Омры, начальніка войска Ізраіля.
17  І выйшаў Омры, і ўвесь Ізраіль з ім, з-пад Гіббэтону і абляглі Тырцу.
18  І сталася, калі Зімры ўбачыў, што горад здабыты, ён увайшоў у вежу дому валадара, і падпаліў дом валадара агнём, і памёр
19  дзеля грахоў сваіх, якімі грашыў, чынячы ліхоту ў вачах ГОСПАДА і ходзячы шляхам Ерабаама і ў грахах ягоных, якія той рабіў і ўводзіў у грэх Ізраіля.
20  Іншыя дзеяньні Зімры, і змова ягоная, якую ён учыніў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
21  Тады народ Ізраіля падзя­ліўся на дзьве часткі: палова народу стаяла за Тыўні, сына Гіната, каб яго паставіць валадаром, а палова — за Омры.
22  І быў мацнейшы народ, які [стаяў] за Омры, чым той, што [стаяў] за Тыўні, сына Гіната. І Тыўні памёр, а валадарыў Омры.
23  У трыццаць першым годзе Асы, валадара Юды, Омры стаў валадаром над Ізраілем на дванаццаць гадоў. У Тырцы ён валадарыў шэсьць гадоў.
24  І ён купіў за два таленты срэбра ў Шэмэра гару Шамэрон, і забудаваў гару, і гораду, які пабудаваў, даў імя Самарыяй ад імя Шэмэра, гаспадара гары.
25  І рабіў Омры ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і чыніў зло горш за ўсіх, якія былі перад ім.
26  І хадзіў ён усімі шляхамі Ерабаама, сына Навата, і ў грахах ягоных, якімі той увёў у грэх Ізраіля, каб гнявіць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, марнасьцямі сваімі.
27  А іншыя дзеяньні Омры, якія ён зрабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
28  І супачыў Омры з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі. А пасьля яго заваладарыў Ахаў, сын ягоны.
29  Ахаў, сын Омры, стаў валадаром Ізраіля ў трыццаць восьмым годзе Асы, валадара Юды, і валадарыў Ахаў, сын Омры, над Ізраілем у Самарыі дваццаць два гады.
30  І Ахаў, сын Омры, рабіў ліхоту ў вачах ГОСПАДА, горш за ўсіх, што былі перад ім.
31  Мала яму было хадзіць у грахах Ерабаама, сына Навата, і ён узяў за жонку Езабэль, дачку Этбаала, валадара Сідонцаў, і хадзіў, і служыў Баалу, і пакланяўся яму.
32  І паставіў ён ахвярнік Баалу ў доме Баала, які пабудаваў у Самарыі.
33  І зрабіў Ахаў Астарту, і сваімі ўчынкамі Ахаў гнявіў ГОСПАДА, Бога Ізраіля, болей, чым усе валадары Ізраіля, якія былі перад ім.
34  У дні ягоныя Хіэль з Бэтэлю адбудаваў Ерыхон. Падмуркі ягоныя ён паклаў на першародным сваім, Абіраме, а на наймалодшым сваім, Сэгібе, паставіў брамы ягоныя, паводле слова ГОСПАДА, сказанага праз Егошуа, сына Нуна.