1 Сам 3
Юнак Самуэль служыў ГОСПАДУ пад наглядам Гэлія. І слова ГОСПАДА было рэдкім у тыя дні, і відзежаў не было.
І сталася, што аднаго дня Гэлій спаў на месцы сваім, а вочы ягоныя саслабелі, і ён ня мог бачыць.
І лямпа Божая не была яшчэ патушаная, і Самуэль спаў у сьвятыні ГОСПАДА, дзе быў Каўчэг Божы.
І паклікаў ГОСПАД Самуэля. Ён адказаў: «Вось я».
І пабег да Гэлія, і сказаў: «Вось я, бо ты клікаў мяне». Ён сказаў: «Я ня клікаў цябе. Вяртайся і сьпі». І ён пайшоў, і лёг спаць.
І ГОСПАД зноў паклікаў Самуэля, і сказаў: «Самуэль, Самуэль». Той пабег да Гэлія і сказаў: «Вось я, бо ты клікаў мяне». Ён сказаў: «Я ня клікаў цябе, сын мой. Вяртайся і сьпі».
Бо Самуэль не пазнаў яшчэ ГОСПАДА і не было яшчэ яму аб’яўлена слова ГОСПАДА.
Але ГОСПАД зноў паклікаў Самуэля трэці раз. Ён падняўся і пабег да Гэлія, і сказаў: «Вось я, бо ты клікаў мяне». І зразумеў Гэлій, што ГОСПАД кліча юнака.
І ён сказаў Самуэлю: «Ідзі і кладзіся спаць, а калі зноў пакліча цябе, скажы: “Гавары, ГОСПАДЗЕ, бо слухае слуга Твой”». І вярнуўся Самуэль, і лёг спаць на месцы сваім.
10  І прыйшоў ГОСПАД, і стаў, і паклікаў як раней: «Самуэль, Самуэль!» І Самуэль сказаў: «Гавары, ГОСПАДЗЕ, бо слухае слуга Твой».
11  І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Вось, Я зраблю ў Ізраілі такое, што ўсім, хто пра гэта пачуе, зазьвініць у абодвух вушах.
12  У дзень той Я споўню над Гэліем усё, што прадказаў адносна дому ягонага, ад пачатку і да канца.
13  Я прадказаў яму, што буду судзіць дом ягоны на вякі дзеля грэху, бо ён ведаў, што сыны ягоныя зьневажаюць Бога, і не караў іх.
14  Дзеля гэтага Я прысягнуў дому Гэлія, што ня будзе ачышчана правіна дому ягонага ані ахвярамі крывавымі, ані ахвярамі хлебнымі, на вякі».
15  І ляжаў Самуэль аж да раніцы, а потым адчыніў браму Дому ГОСПАДА. І баяўся Самуэль сказаць Гэлію пра гэты відзеж.
16  Але Гэлій паклікаў Самуэля і сказаў: «Самуэль, сын мой». Ён адказаў: «Вось я».
17  І спытаўся [Гэлій] у яго: «Што за слова, якое было сказана табе? Прашу, ня ўтойвай ад мяне. Няхай гэта зробіць табе Бог і тое дадасьць, калі будзеш хаваць ад мяне нешта з таго, што сказана было табе».
18  І выявіў яму Самуэль усё сказанае, і ня ўтойваў ад яго. І Гэлій сказаў: «Ён — ГОСПАД! Няхай робіць, што добрае ў вачах Ягоных».
19  І рос Самуэль, і ГОСПАД быў з ім. І з усіх словаў ягоных ніводнае ня ўпала на зямлю.
20  І даведаўся ўвесь Ізраіль ад Дану аж да Бээр-Шэвы, што Самуэль стаў прарокам ГОСПАДА.
21  І працягваў ГОСПАД зьяўляцца ў Шыло пасьля таго, як зьявіў Сябе Самуэлю ў Шыло ў слове ГОСПАДА.