2 Лет 34
Восем гадоў было Ёсіі, калі ён пачаў валадарыць, і трыццаць адзін год ён валадарыў у Ерусаліме.
І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхамі Давіда, бацькі свайго, і не адхіляўся ані ўправа, ані ўлева.
А ў восьмым годзе валадараньня свайго, а ён быў яшчэ юнак, ён пачаў шукаць Бога Давіда, бацькі свайго, а ў дванаццатым годзе пачаў ачышчаць Юду і Ерусалім ад узвышшаў, і ад Астартаў, і ад ідалаў, і ад [ідалаў] літых.
І разбурылі перад ім ахвярнікі Баалаў; і выявы сонца, якія былі па-над імі, ён парэзаў; і Астартаў, і ідалаў рэзьбленых і ідалаў літых ён скрышыў і сьцёр на пыл, і расьцярушыў на абліччы магілаў тых, якія складалі ім ахвяры;
і косткі сьвятароў Баалаў ён спаліў на ахвярніках іхніх, і ачысьціў Юду і Ерусалім.
І ў гарадах Манасы, Эфраіма і Сымона аж да Нэфталі, і ў спустошаных ваколіцах іхніх
ён разьбіў ахвярнікі і Астартаў, і ідалаў рэзьбленых стоўк і сьцёр на пыл, і пасек усе выявы сонца ў-ва ўсёй зямлі Ізраіля; і вярнуўся ў Ерусалім.
А ў васямнаццатым годзе валадараньня свайго, пасьля ачышчэньня зямлі і Дому [Божага], ён паслаў Шафана, сына Ацаліі, і Маасэю, начальніка гораду, і Ёаха, сына Ёахаза, канцлера, каб направіць Дом ГОСПАДА, Бога свайго.
І прыйшлі яны да Хількіі, вялікага сьвятара, і аддалі срэбра, прынесенае ў Дом Божы, якое лявіты, што вартуюць парогі, сабралі з рук Манасы і Эфраіма і ўсёй рэшты Ізраіля, і ад усяго Юды і Бэн’яміна, і ад жыхароў Ерусаліму,
10  і аддалі яго ў рукі тых, што рабілі працу, прызначаную для Дому ГОСПАДА, а тыя далі яго працаўнікам, якія рабілі ў Доме ГОСПАДА, каб направіць і ўмацаваць Дом [Божы].
11  І яны далі цесьлярам і будаўнікам на купляньне чэсаных камянёў і дрэва на кроквы і бэлькі, якія панішчылі валадары Юды.
12  І людзі гэтыя рабілі працу сумленна; і былі прызначаныя над імі Яхат і Абадыя, лявіты з сыноў Мэрары, і Захарыя і Мэшулам з сыноў Кегата. І ўсе лявіты гэтыя зналіся на музычных інструмэнтах.
13  І былі яны над тымі, якія носяць цяжары, і кіраўнікамі над тымі, якія рабілі працу пры ўсякім служэньні. І з лявітаў [былі] і пісары, і наглядчыкі, і прыдзьвернікі.
14  І калі яны вымалі срэбра, прынесенае ў Дом ГОСПАДА, Хількія, сьвятар, знайшоў кнігу Закону ГОСПАДА, [дадзеную] праз рукі Майсея.
15  І адказаў Хількія, і сказаў Шафану, пісару: «Я знайшоў кнігу Закону ў Доме ГОС­ПАДА». І Хількія аддаў кнігу Шафану.
16  І прынёс Шафан кнігу валадару, і прынёс валадару слова, кажучы: «Усё, што даручана ў рукі слугаў тваіх, яны робяць»;
17  І насыпалі срэбра, якое было знойдзенае ў Доме ГОСПАДА, і далі яго ў рукі кіраўнікоў [працы] і ў рукі тых, што робяць працу.
18  І паведаміў Шафан пісар валадару, кажучы: «Кнігу даў мне Хількія сьвятар». І чытаў яе Шафан перад абліччам валадара.
19  І сталася, калі пачуў валадар словы Закону, ён разьдзёр шаты свае.
20  І загадаў валадар Хількіі, і Ахікаму, сыну Шафана, і Абдону, сыну Міхі, і Шафану пісару, і Асаі, слузе валадара, кажучы:
21  «Ідзіце, спытайцеся ў ГОС­ПАДА пра мяне і пра тых, што засталіся ў Ізраілі і ў Юдзе, адносна словаў знойдзенай Кнігі гэтай. Бо вялікі гнеў ГОСПАДА, які выліты на нас за тое, што не захоўвалі бацькі нашыя слова ГОСПАДА, каб выконваць усё, што напісана ў Кнізе гэтай».
22  І пайшоў Хількія і тыя, якіх [паслаў] валадар, да Хульды прарочыцы, жонкі Шальлюма, сына Хасры, вартаўніка шатаў, — а яна жыла ў новай частцы Ерусаліму, — і аварылі з ёю пра гэта.
23  І яна сказала ім: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Скажыце чалавеку, які паслаў вас да мяне:
24  “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я навяду ліха на месца гэтае і на жыхароў ягоных, усе праклёны, напісаныя ў Кнізе, якую чыталі перад абліччам валадара Юды.
25  За тое, што яны пакінулі Мяне і кадзілі іншым багам, каб гнявіць Мяне ўсімі ўчынкамі рук сваіх, гнеў Мой выльецца на месца гэтае і ня згасне”.
26  А валадару Юды, які паслаў вас спытацца ГОСПАДА, гэтак скажыце яму: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, пра словы, якія ты чуў.
27  За тое, што зьмякчылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся перад абліччам Бога, калі пачуў словы Ягоныя пра месца гэтае і пра жыхароў ягоных, і ты ўпакорыўся перад абліччам Маім, і разьдзёр шаты свае, і плакаў перад абліччам Маім, Я таксама пачуў [цябе], кажа ГОСПАД.
28  Вось, Я далучу цябе да бацькоў тваіх, і ты будзеш далучаны да магілы тваёй у супакоі, і вочы твае ня будуць бачыць усяго ліха, якое Я навяду на месца гэтае і на жыхароў ягоных”». І яны вярнуліся да валадара са словам.
29  І паслаў валадар, і сабраў усіх старшыняў Юды і Ерусаліму.
30  І ўвайшоў валадар у Дом ГОСПАДА, і ўсе мужы Юды, і жыхары Ерусаліму, і сьвятары, і лявіты, і ўвесь народ, ад вялікага аж да малога; і ён чытаў у вушы іхнія ўсе словы Кнігі Запавету, якая была знойдзена ў Доме ГОСПАДА.
31  І стаў валадар на месцы сваім, і заключыў запавет перад абліччам ГОСПАДА, каб хадзіць за ГОСПАДАМ і захоўваць прыказаньні Ягоныя, і сьведчаньні Ягоныя, і пастановы Ягоныя ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй, каб выконваць словы запавету, запісаныя ў Кнізе гэтай.
32  І ён схіліў усіх, што знаходзіліся ў Ерусаліме і ў Бэн’яміне, стаяць [у гэтым]. І жыхары Ерусаліму рабілі паводле запавету Бога, Бога бацькоў сваіх.
33  І павыкідаў Ёсія ўсе брыдоты з усіх земляў сыноў Ізраіля, і схіліў усіх, што знаходзіліся ў Ізраілі, служыць ГОСПАДУ, Богу іхняму. У-ва ўсе дні ягоныя яны не адступалі ад ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх.