4 Цар 23
1 І паслаў цар, і сабралі да яго ўсіх старэйшынаў Юды і Ерусаліма.
2 І пайшоў цар у дом Гасподні, і ўсе Юдэі, і ўсе жыхары Ерусаліма зь ім, і сьвятары, і прарокі, і ўвесь люд ад малога да вялікага, і прачытаў уголас ім усе словы кнігі запавета, знойдзенай у доме Гасподнім.
3 Потым устаў цар на ўзвышанае месца і даў перад домам Гасподнім запавет - трымацца Госпада і захоўваць наказы Ягоныя і адкрыцьці Ягоныя, і пастановы Ягоныя, ад усяго сэрца і ад усёй душы, каб выканаць словы запавету гэтага, напісаныя ў кнізе гэтай. І ўвесь народ уступіў у запавет.
4 І загадаў цар Хэлкію першасьвятару і іншым сьвятарам і дазорным каля парога вынесьці з храма Гасподняга ўсе рэчы, зробленыя дзеля Ваала і дзеля Астарты і дзеля ўсяго войска нябеснага, і спаліў іх за Ерусалімам у даліне Кедрон, і загадаў попел ад іх аднесьці ў Вэтыль.
5 І пакінуў жрацоў, якіх паставілі цары Юдэйскія, каб учыняць дымленьне на вышынях у гарадах Юдэйскіх і ваколіцах Ерусаліма, - і якія кадзілі Ваалу, сонцу, і месяцу, і сузор'ям і ўсяму войску нябеснаму;
6 І вынес Астарту з дома Гасподняга за Ерусалім да патока Кедрон і спаліў яе каля патока Кедрон, і сьцёр яе ў пыл і кінуў пыл яе на могілках агульнанародных;
7 і разбурыў дамы блудныя, якія былі пры храме Гасподнім, дзе жанчыны ткалі вопратку Астарце;
8 і вывеў усіх жрацоў з гарадоў Юдэйскіх, і спаганьбіў вышыні, на якіх учынялі дымленьне жрацы, ад Гевы да Вірсавіі, і разбурыў вышыні перад брамаю - тую, якая перад уваходам у браму Ісуса начальніка горада, і тую, якая зь левага боку каля гарадское брамы.
9 Зрэшты жрацы вышыняў ня прыносілі ахвяр на ахвярніку Гасподнім у Ерусаліме, а праснакі елі разам з братамі сваімі.
10 І спаганьбіў ён Тафэт, што ў даліне сыноў Энома, каб ніхто не праводзіў сына свайго і дачкі сваёй праз агонь Малоху;
11 і адмяніў коней, якіх ставілі цары Юдэйскія сонцу перад уваходам у дом Гасподні паблізу пакояў Нэтан-Мэлэха еўнуха, што ў Фарурыме, а калясьніцы сонца спаліў агнём.
12 І ахвярнікі на даху сьвятліцы Ахазавай, якія зрабілі цары Юдэйскія, і ахвярнікі, якія зрабіў Манасія на абодвух дварах дома Гасподняга разбурыў цар і выкінуў адтуль, і кінуў пыл іх у паток Кедрон.
13 І вышыні, якія каля Ерусаліма, направа ад Алейнай гары, якія спарудзіў Саламон, цар Ізраілеў, Астарце, мярзоце Сідонскай, і Хамосу, мярзоце Маавіцкай, і Мілхому, мярзоце Аманіцкай, спаганьбіў цар;
14 і паламаў статуі, і высек дубровы, і напоўніў месца іх касьцямі чалавечымі.
15 Таксама і ахвярнік, які ў Вэтылі, вышыню, спаруджаную Ераваамам, сынам Наватавым, які ўвёў Ізраіля ў грэх, - таксама і ахвярнік той і вышыню ён разбурыў, і спаліў гэтую вышыню, сьцёр у пыл, і спаліў дуброву.
16 І зірнуў Ёсія, і ўбачыў магілы, якія там на гары, і паслаў, і ўзяў косьці з магілаў, і спаліў на ахвярніку, і спаганьбіў яго па слове Гасподнім, якое абвясьціў чалавек Божы, які прадказаў падзеі гэтыя,
17 і сказаў Ёсія: што гэта за помнік, які я бачу? І сказалі яму жыхары горада: гэта магіла чалавека Божага, які прыходзіў зь Юдэі, і абвясьціў пра тое, што ты робіш над ахвярнікам Вэтыльскім.
18 І сказаў ён: пакіньце яго ў спакоі, ніхто хай не чапае касьцей ягоных. І захавалі косьці яго і косьці прарока, які прыходзіў з Самарыі.
19 Таксама і ўсе капішчы вышыняў у гарадах Самарыйскіх, якія спарудзілі цары Ізраільскія, прагняўляючы Госпада, разбурыў Ёсія, і зрабіў зь імі тое самае, што зрабіў у Вэтылі;
20 і закалоў усіх жрацоў вышыняў, якія там былі, на ахвярніках, і спаліў косьці чалавечыя на іх, - і вярнуўся ў Ерусалім.
21 І загадаў цар усяму народу, сказаўшы: учынеце пасху Госпаду Богу вашаму, як напісана ў гэтай кнізе запавета, -
22 таму што ня была ўчынена такая пасха ад дзён судзьдзяў, якія судзілі Ізраіля і ва ўсе дні цароў Ізраільскіх і цароў Юдэйскіх;
23 а на васемнаццатым годзе цара Ёсіі была ўчынена гэтая пасха Госпаду ў Ерусаліме.
24 І закліначоў мёртвых, і чараўнікоў, і тэрафімаў, і ідалаў, і ўсе мярзоты, якія паяўляліся ў зямлі Юдэйскай і ў Ерусаліме, зьнішчыў Ёсія, каб выканаць словы закона, напісаныя ў кнізе, якую знайшоў Хэлкія сьвятар у доме Гасподнім.
25 Падобнага да яго ня было цара да яго, які зьвярнуўся б да Госпада ўсім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёю, і ўсімі сіламі сваімі, па ўсім законе Майсеевым; і пасьля яго не паявіўся падобны да яго.
26 Аднак жа Гасподзь не адклаў вялікай лютасьці гневу Свайго, якою загарэўся гнеў Ягоны на Юду за ўсе зьнявагі, якімі ўгневаў Яго Манасія.
27 І сказаў Гасподзь: і Юду адкіну ад аблічча Майго, як адкінуў Я Ізраіля, і адкіну горад гэты, Ерусалім, які Я выбраў, і дом, пра які Я сказаў: будзе імя Маё там.
28 Астатняе пра Ёсію, пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
29 У дні ягоныя пайшоў фараон Нэхаа, цар Егіпецкі, супроць цара Асірыйскага на раку Еўфрат. І выйшаў цар Ёсія насустрач яму, і той забіў яго ў Мэгідоне, калі ўбачыў яго.
30 І рабы ягоныя павезьлі яго мёртвага з Мэгідона, і прывезьлі яго ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магільніцы ягонай. І ўзяў народ землі Ёахаза, сына Ёсінага, і памазалі яго і паставілі царом замест бацькі ягонага.
31 Дваццаць тры гады было Ёахазу, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хамутал, дачка Ераміі, зь Ліўны.
32 І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабілі бацькі ягоныя.
33 І затрымаў яго фараон Нэхаа ў Рыўле, у зямлі Эматскай, каб ён не валадарыў у Ерусаліме, - і наклаў спагону на зямлю ягоную сто талантаў срэбра і талант золата.
34 І паставіў царом фараон Нэхаа Эліякіма, сына Ёсіінага, замест Ёсіі, бацькі ягонага, і памяняў імя ягонае на Ёакіма; а Ёхаза ўзяў і вывез у Егіпет, дзе ён і памёр.
35 І срэбра і золата даваў Ёакім фараону; ён зрабіў ацэну зямлі, каб даваць срэбра па загадзе фараона; ад кожнага народу зямлі, паводле ацэны сваёй, ён спаганяў срэбра і золата, каб аддаваць фараону Нэхаа.
36 Дваццаць пяць гадоў было Ёакіму, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Зэбуда, дачка Фэдаі, з Румы.
37 І рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабілі бацькі ягоныя.