2 Сам 13
І сталася пасьля таго. Абсалом, сын Давіда, меў прыгожую сястру імем Тамар. І закахаўся ў яе Амнон, сын Давіда.
І так мучыўся гэтым Амнон, што аж захварэў з прычыны сястры сваёй Тамар. А была яна [яшчэ] дзяўчынай, і было цяжкім у вачах Амнона зрабіць штосьці з ёю.
І меў Амнон сябра імем Ёнадаў, сына Шаммы, брата Давіда. Ёнадаў быў чалавек вельмі хітры.
І ён сказаў яму: «Чаму ты худнееш з вечару да вечару, сыне валадара? Ці не паведаміш мне [пра гэта]?» І Амнон сказаў яму: «Я кахаю Тамар, сястру Абсалома, брата майго».
І сказаў яму Ёнадаў: «Ляж у ложак і ўдавай хворага. І прыйдзе бацька твой адве­даць цябе, і ты скажы яму: “Няхай прый­дзе, прашу, сястра мая Тамар і пакорміць мяне хлебам, і на вачах маіх зробіць пасілак, каб я бачыў гэта і еў з рук ейных”».
І Амнон лёг, і ўдаваў хворага. І прыйшоў валадар, каб адведаць яго, і Амнон сказаў валадару: «Няхай прый­дзе, прашу, Тамар, сястра мая, і няхай на вачах маіх сьпячэ дзьве аладкі, і я прыйму ежу з рук ейных».
І паслаў Давід у дом да Тамар, кажучы: «Схадзі, калі ласка, у дом Амнона, брата твайго, і сьпячы яму аладкі».
І пайшла Тамар у дом брата свайго Амнона, а ён ляжаў. І ўзяла яна цеста, і замясіла, і зрабіла аладкі на вачах ягоных, і сьпякла аладкі.
І ўзяла яна патэльню, і выклала перад ім, але ён не хацеў есьці. І сказаў Амнон: «Няхай усе выйдуць ад мяне». І ўсе людзі выйшлі ад яго.
10  І Амнон сказаў Тамар: «Прынясі пасілак у спальню, і я зьем яго з рукі тваёй». І ўзяла Тамар аладкі, што зрабіла, і прынесла Амнону, брату свайму, у спальню.
11  І дала яму, каб ён еў, але ён схапіў яе і сказаў: «Хадзі, ляж са мною, сястра мая».
12  Яна сказала яму: «Не, брат мой, ня гвалць мяне, бо так у Ізраілі ня робіцца. Не рабі гэтай дурасьці.
13  Куды я дзенуся са зьнявагай сваёй? А ты станеш адным з мярзотнікаў у Ізраілі! Ты пагавары, калі ласка, з валадаром, бо ён не адмовіць [даць] мяне табе».
14  Але ён не хацеў слухаць голасу яе. І быў ён мацнейшы за яе, і апаганіў яе, і ляжаў з ёю.
15  І зьненавідзеў яе Амнон нянавісьцю вялікай, і нянавісьць гэтая была большай, чым каханьне, якім кахаў яе. І сказаў ёй Амнон: «Уставай і ідзі [адсюль]».
16  Яна сказала яму: «Не рабі, выганяючы ад сябе, мне яшчэ большай крыўды ад той, якую мне зрабіў». Але ён не хацеў слухаць яе.
17  І паклікаў прыдзьверніка, які паслугаваў яму, і сказаў: «Выгані яе ад мяне на вуліцу і зачыні за ёю дзьверы».
18  Яна была апранутая ў сукню доўгую, бо так апраналіся дочкі валадарскія, дзяўчыны. І вывеў яе паслугач на вуліцу, і замкнуў за ёю дзьверы.
19  І Тамар пасыпала сабе галаву попелам, разадрала сукню сваю доўгую, палажыла рукі на галаву сваю, і пайшла, і галасіла.
20  І сказаў ёй Абсалом, брат ейны: «Ці Амнон, брат твой, быў з табою? Цяпер сястра мая, супакойся, бо ён — брат твой. Не бяры гэтага да сэрца свайго». І засталася збалелая Тамар у доме Абсалома, брата свайго.
21  І пачуў пра ўсё гэта валадар Давід, і вельмі ўзлаваўся.
22  А Абсалом не гаварыў Амнону ані добрага, ані ліхога, бо зьненавідзеў Абсалом Амнона за тое, што ён зьняважыў Тамар, сястру ягоную.
23  І сталася праз два гады, што Абсалом стрыг [авечак] у Баал-Хацоры, недалёка Эфраіма, і запрасіў Абсалом усіх сыноў валадара.
24  І прыйшоў Абсалом да валадара, і сказаў: «Вось, стрыгуць [авечак] у слугі твайго. Няхай прыйдзе валадар са слугамі сваімі да слугі свайго».
25  І сказаў валадар Абсалому: «Не, сыне мой, ня прыйдзем мы ўсе да цябе і ня будзем абцяжарваць цябе». І ён вельмі прасіў яго, а той не хацеў ісьці, але дабраславіў яго.
26  І сказаў Абсалом: «Калі ня [прыйдзеш], няхай прыйдзе, прашу, Амнон, брат мой». І сказаў яму валадар: «Навошта ён меў бы ісьці да цябе?»
27  Але Абсалом вельмі прасіў яго, і ён паслаў з ім Амнона і ўсіх сыноў валадарскіх.
28  І загадаў Абсалом слугам сваім, кажучы: «Глядзіце, калі сэрца Амнона павесялее ад віна, я скажу вам: “Ударце Амнона”, і вы забіце яго! Ня бойцеся, бо гэта я загадваю вам. Набярыцеся сілы і будзьце адважнымі».
29  І зрабілі юнакі Абсалома Амнону так, як ім загадаў Абсалом. А ўсе сыны валадара ўскочылі, і сеў кожны на мула свайго, і ўцяклі.
30  А калі яны былі яшчэ ў дарозе, дайшла да Давіда вестка, кажучы: «Абсалом забіў усіх сыноў валадара, і не пакінуў з іх аніводнага».
31  І ўстаў валадар, і разьдзёр адзеньне сваё, і ўпаў на зямлю, і ўсе слугі ягоныя, якія стаялі [там], разьдзёрлі адзеньне сваё.
32  І адказаў Ёнадаў, сын Шаммы, брата Давіда, і сказаў: «Няхай ня кажа гаспадар мой, што ўсе юнакі, сыны валадара, забітыя. Толькі Амнон забіты, бо ў Абсалома на вуснах быў намер гэты з таго дня, як [Амнон] зьняважыў Тамар, сястру ягоную.
33  І цяпер няхай не бярэ сабе гаспадар мой, валадар, гэтага да сэрца свайго, кажучы, што ўсе сыны валадара загінулі. Бо загінуў толькі Амнон.
34  А Абсалом уцёк». А юнак, які вартаваў, узьняў вочы свае, і ўбачыў, і вось, мноства [лю­дзей], якія зыходзяць па схілу гары.
35  І сказаў Ёнадаў валадару: «Вось, ідуць сыны валадара! Так сталася, як слуга твой гаварыў».
36  І калі скончыў ён гаварыць, вось, прышлі сыны валадара, і яны ўзьнялі голас свой, і плакалі. Таксама валадар і ўсе слугі ягоныя плакалі плачам вельмі вялікім.
37  А Абсалом уцёк і пайшоў да Тальмая, сына Аміхуда, валадара Гешуру. І [Давід] быў у жалобе па сыне сваім усе дні.
38  А Абсалом уцёк і пайшоў у Гешур, і быў там тры гады.
39  І перастаў валадар Давід гневацца на Абсалома, бо ўжо супакоіўся пасьля сьмерці Амнона.