2 Сам 23
Гэта апошнія словы Давіда: «Сказаў Давід, сын Есэя, сказаў чалавек, які высока пастаўлены, памазанец Бога Якубавага, сьпявак псальмаў Ізраіля.
Дух ГОСПАДА гаворыць праз мяне, і слова Ягонае — на языку маім.
Сказаў Бог Ізраіля, гаварыў мне Скала Ізраіля: “Той праведна пануе над людзьмі, які пануе ў страху Божым,
ён — як сьвятло заранкі пры ўзыходзе сонца, як раніца без хмурынак, як яснасьць пасьля дажджу, і як трава, што [расьце] з зямлі”.
Ці не такі дом мой перад Богам? Бо заключыў Ён са мною запавет вечны, устаноўлены і пэўны. Ад Яго збаўленьне маё і ўсё жаданьне маё.
[Сыны] Бэліяла будуць выкінутыя, як церні, якіх не бяруць рукою.
А калі хто будзе дакранеацца іх, няхай узброіцца жалезам або цаўём дзіды, і паліць іх агнём дашчэнту».
Вось імёны волатаў Давіда: Ёшэб-Башшэбэт з Тахкемону, начальнік між трох; ён падняў на дзіду сваю васемсот чалавек, забітых адным разам.
Пасьля яго Элеазар, сын Додо, сына Ахоха, між трох волатаў. Быў ён з Давідам, калі [Ізраільцяне] сабраліся на бітву, а Філістынцы зьневажалі іх. І пабеглі Ізраільцяне,
10  і ён адзін стаяў і біў Філістынцаў, ажно самлела рука ягоная і прыліпла рука ягоная да мяча. І ГОСПАД даў вялікую перамогу ў той дзень, і народ вярнуўся, каб рабаваць забітых.
11  Пасьля яго Шамма, сын Агэ з Арару. І сабраліся Філістынцы ў Лехі, і быў там палетак, поўны сачэвіцы. І людзі ўцяклі перад Філістынцамі,
12  і ён стаў адзін сярод палетка, і выратаваў іх, а Філістынцаў пабіў. І ГОСПАД даў вялікую перамогу.
13  Гэтыя трое спасярод трыццаці галоўных [у часе] жніва зыйшлі і прыйшлі да Давіда ў пячору Адулям, а дружына Філістынцаў разлажылася табарам у лагчыне Рэфаім.
14  Давід быў у крэпасьці, а дружына Філістынцаў — у Бэтлееме.
15  І захацеў Давід піць, і сказаў: «Хто дасьць мне напіцца вады са студні, якая ў Бэтлееме каля брамы!»
16  І трое гэтых волатаў напалі на табар Філістынцаў, і набралі вады ў Бэтлееме са студні, якая каля брамы, і прынесьлі, і прыйшлі да Давіда, але ён не захацеў піць [яе] і выліў [ваду] для ГОСПАДА,
17  і сказаў: «Няхай адда­ліць мяне ГОСПАД, каб зрабіць гэта. Ці ж буду я піць кроў гэтых людзей, якія пайшлі, [рызыкуючы] душамі сваімі». І не захацеў піць [ваду]. Вось гэта зрабілі тры волаты.
18  І Абішай, брат Ёава, сын Цэруі, [быў] начальнікам трыццаці. Ён падняў на дзіду сваю трыста [ворагаў], і забіў [іх]. І ён меў імя сярод тых трох.
19  Сярод трыццаці ён быў найвыдатнейшы, і быў князем іхнім, але тым тром не дараўняўся.
20  І Бэная, сын Егаяды з Кабцээлю, сын мужа адважнага, [слаўны] шматлікімі справамі. Ён перамог двух ільвоў Мааву, і ён зыйшоў, і забіў ільва ў яме ў дзень завеі.
21  І ён забіў Эгіпцяніна, чалавека вялізнага. У руцэ Эгіпцяніна [была] дзіда, а ён пайшоў на яго з кіем, і вырваў з рукі Эгіпцяніна дзіду, і забіў яго дзідаю ягонай.
22  Гэта зрабіў Бэная, сын Егаяды, і ён меў імя між трох волатаў.
23  Быў ён паважаны сярод трыццаці, але тым тром не дараўняўся. І Давід паставіў яго над вартаю сваёй.
24  [А тых трыццаць]: Асаэль, брат Ёава, Эльханан, сын Додо з Бэтлеему,
25  Шамма з Хароду і Эліка з Хароду,
26  Хэлец з Пэлету і Іра, сын Іккеша з Тэкоа,
27  Абіезэр з Анатоту і Мэбунай з Хушы,
28  Цальмон з Ахоху і Магарай з Нэтофы,
29  Хэлеў, сын Бааны, з Нэтофы, і Іттай, сын Рыбая з Гівы сыноў Бэн’яміна.
30  Бэная з Піратону і Гіддай з Нахале-Гаашу,
31  Абі-Альбон з Арабы і Азмавэт з Бахурыму,
32  Эліяхба з Шаальвону і сыны Яшэна, Ёнатан,
33  Шамма з Арару, Ахіям, сын Шарара з Арару,
34  Эліфэлет, сын Ахасбая, сына Маахі, і Эліям, сын Ахітафэля з Гіло,
35  Хецарай з Кармэлю і Паарай з Арабы,
36  Ігаль, сын Натана з Цовы, і Бані з Гаду,
37  Цэлек з Амона, і Нахарай з Бээроту, збраяносец Ёава, сына Цэруі,
38  Іра з Ітра, Гарэб з Ітра,
39  і Урыя Хет; усіх — трыццаць сем.