Друг 20
Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў тваіх і ўбачыш, што [ў іх] і коней, і калясьніцаў, і людзей болей, чым у цябе, ня бойся іх, бо з табой ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай.
Перад пачаткам бою няхай выйдзе сьвятар, і прамовіць да народу, і скажа яму:
“Слухай, Ізраіль! Вы выхо­дзіце сёньня на бой супраць ворагаў вашых. Няхай не палохаецца сэрца вашае, ня бойцеся, і не трывожцеся, і не пужайцеся аблічча іхняга,
бо ГОСПАД, Бог ваш, ідзе з вамі, каб ваяваць за вас з ворагамі вашымі і каб выратаваць вас”.
І прамовяць начальнікі да народу, кажучы: “Хто пабудаваў новы дом, і яго не асьвяціў, няхай ідзе і вяртаецца ў дом свой, каб не загінуў на вайне, і нехта іншы яго асьвяціць.
Хто пасадзіў вінаграднік і не асьвяціў яго, няхай ідзе і вяртаецца ў дом свой, каб не загінуў на вайне, і нехта іншы асьвяціць яго.
Хто заручыўся з жонкаю, але ня ўзяў яе за жонку, няхай ідзе і вяртаецца ў дом свой, каб не загінуў на вайне, і нехта іншы возьме яе”.
І яшчэ няхай начальнікі прамовяць да народу і ска­жуць: “Хто баіцца і чыё сэрца дрыжыць, няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не зрабіў дрыготкім сэрцы братоў сваіх, як [дрыготкае] сэрца ягонае”.
Калі начальнікі скон­чаць прамаўляць да народу, вы па­ста­віце ваенных начальні­каў на чале народу.
10  Калі ты падыйдзеш да гораду, каб супраць яго ваяваць, [перш] прапануй яму мір.
11  Калі ён згодзіцца на мір і адчыніць табе [брамы], няхай увесь народ, які ў ім, бу­дзе плаціць табе даніну і служыць табе.
12  А калі ён не захоча быць у міры з табою і пачне супраць цябе вайну, ты пачні аблогу яго.
13  І калі ГОСПАД, Бог твой, аддасьць яго ў рукі твае, выб’еш усіх мужчынаў ягоных вострывам мяча.
14  Толькі жанчынаў і дзяцей, быдла і ўсё іншае, што будзе ў горадзе, усю здабычу ягоную возьмеш сабе і будзеш есьці здабычу ворагаў тваіх, якую даў табе ГОСПАД, Бог твой.
15  Так зрабі з усімі гарадамі, якія ад цябе вельмі далёка, якія ня ёсьць гарадамі народаў гэтых.
16  Але ў гарадах народаў гэтых, якія ГОСПАД, Бог твой дае табе ў спадчыну, не пакінеш нікога жывым,
17  але паложыш закляцьце на Хетаў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой,
18  каб яны не навучылі вас усякім брыдотам сваім, якія рабілі яны багам сваім, і каб вы не грашылі супраць ГОСПАДА, Бога вашага.
19  Калі будзеш аблягаць горад шмат дзён, каб ваяваць супраць яго і здабыць яго, ня нішчы дрэваў ягоных, сьсякаючы іх сякераю. Будзеш есьці [плады] іхнія, а іх саміх не сьсякай. Ці ж дрэва ў полі — гэта чалавек, каб ісьці і аблягаць яго?
20  А калі дрэва не надаецца на ежу, зьнішчы яго, і сьсячы яго, і пабудуй махіны [для аблогі] гораду, які ваюе з табою, пакуль не здабудзеш яго.