Вых 23
Ня будзеш разносіць весткі марнай, і не давай рукі тваёй бязбожніку, каб быць сьведкам няправасьці.
Не станавіся з большасьцю, каб [рабіць] зло, і не адказвай у справе [судовай], прыхіляючыся да большасьці, калі гэта перакручвае [праўду].
I ўбогаму не патурай у справе [судовай].
Калі сустрэнеш вала ворага твайго альбо асла ягонага, якія заблукалі, вяртаючы, зьвярні яго яму.
Калі ўбачыш, што асёл ненавісьніка твайго ўпаў пад цяжарам сваім, не дазволь сабе пакінуць яго, але застаючыся, застанься з ім.
Ня будзеш перакручваць суд беднага твайго ў [судовай] справе ягонай.
Ад слова фальшывага будзь далёка, і не забівай нявіннага і праведнага, бо Я не апраўдаю бязбожніка.
Дароў не бяры, бо дар засьляпляе відушчых і перакручвае словы праведных.
I прыхадня не ўціскай, таму што вы ведаеце душу прыхадня, бо самі былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай.
10  I шэсьць гадоў засявай зямлю тваю і зьбірай ураджай ейны,
11  а ў сёмы [год] запусьці яе і пакінь яе, і будуць жывіцца [з яе] бедныя народу твайго, а рэштаю пасьля іх будуць жывіцца зьвяры палявыя. Так зробіш з вінаграднікам тваім і з аліўнікам тваім.
12  Шэсьць дзён будзеш рабіць справы твае, а ў дзень сёмы супачынеш, каб спыніўся вол твой і асёл твой, і адпачыў сын служкі тваёй і прыхадзень.
13  I ўсё, што Я сказаў вам, захоўвайце, і імя багоў іншых ня ўзгадвайце, няхай ня будзе чуваць [яго] з вуснаў тваіх.
14  Тройчы ў год будзеш сьвяткаваць [сьвяты] Мае.
15  Сьвята Праснакоў будзеш захоўваць. Сем дзён будзеш есьці праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаным часе месяца Авіў, бо ў гэты [час] ты выйшаў з Эгіпту. І не зьяўляйцеся перад аблічча Маё з пустымі [рукамі].
16  I Сьвята Жніва пяршынаў працы тваёй, якія ты сеяў на полі, і Сьвята Збору [ўраджаю] пры заканчэньні году, калі зьбярэш працу тваю з поля.
17  Тройчы ў год мае зьяўляцца кожны мужчына твой перад аблічча Госпада ГОСПАДА.
18  Не ахвяроўвай над кіслым крыві ахвяры Маёй, і не пакідай на ноч тлушч сьвяточны да раніцы.
19  Першыя пяршыны зямлі тваёй прынось у дом ГОСПАДА, Бога твайго. Не вары казьляняці ў малацэ маці ягонай.
20  Вось, Я пасылаю перад табою анёла, каб ён захоўваў цябе ў дарозе і ўвёў цябе ў месца, якое Я падрыхтаваў.
21  Сьцеражыся перад абліччам ягоным і слухайся голасу ягонага; ня будзь горкім для яго, бо ён не даруе віны вашай, бо імя Маё ў ім.
22  Калі ты, слухаючы, будзеш слухаць голас ягоны і зробіш усё, што Я прамоўлю, Я буду ворагам ворагаў тваіх і буду ўціскаць тых, што ўціскаюць цябе.
23  Калі пойдзе анёл Мой перад табою, і прывядзе цябе да Амарэя, Хета, Пэрэзэя, Хананейца, Хівея і Евусэя, і Я выгублю іх,
24  не пакланяйся багам іхнім, і не служы ім, і не рабі паводле ўчынкаў іхніх, але руйнуючы, зруйнуй іх, і крышачы, скрышы слупы іхнія.
25  I служыце ГОСПАДУ, Богу вашаму, і Ён дабраславіць хлеб твой і ваду тваю; і Я аддалю хваробы спасярод цябе.
26  Ня будзе [той, якая] спароніць, і бясплоднай у зямлі тваёй; лік дзён тваіх Я напоўню.
27  Жах Мой Я пашлю перад табою і стрывожу кожны народ, да якога ты выйдзеш супраць яго, і павярну да цябе каркам усіх ворагаў тваіх.
28  I пашлю перад табою шаршанёў, і яны выганяць перад табою Хівея, Хананейца і Хета.
29  Ня выганю іх перад абліччам тваім за адзін год, каб зямля ня сталася пусткаю і не памножыліся супраць цябе зьвяры палявыя.
30  Памалу, памалу буду праганяць іх перад абліччам тваім, аж пакуль ты не памножышся і ня возьмеш у спадчыну зямлю гэтую.
31  І Я пастаўлю мяжу тваю ад Мора Чырвонага аж да Мора Філістынскага і ад пустыні аж да Ракі; бо дам у рукі вашыя жыхароў зямлі гэтай, і ты выганіш іх ад аблічча твайго.
32  Не заключай запавету ані з імі, ані з багамі іхнімі.
33  Няхай не жывуць яны ў зямлі тваёй, каб яны не ўвялі цябе ў грэх супраць Мяне; бо калі ты будзеш служыць багам іхнім, гэта станецца для цябе пасткаю».