Вых 29
I вось тая рэч, якую зробіш для іх, каб пасьвяціць іх на сьвятароў для Мяне. Возьмеш аднаго маладога бычка і двух бараноў без заганы,
і хлябы прэсныя, і печыва прэснае, рашчыненае на алеі, і аладкі прэсныя, памазаныя алеем; з найлепшае мукі зробіш іх.
I паложыш іх у адзін кош, і прынясеш іх у кашы, і бычка, і двух бараноў.
I Аарона і сыноў ягоных прывядзеш да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і абмыеш іх у вадзе,
і возьмеш адзеньні, і апранеш на Аарона хітон і верхнюю шату эфоду, і эфод, і нагруднік, і падпярэжаш яго поясам эфоду.
I ўскладзеш мітру на галаву ягоную, і прымацуеш дыядэму сьвятасьці на мітру.
I возьмеш алей памазаньня, і выльеш на галаву ягоную, і памажаш яго.
I сыноў ягоных прывядзеш, і апранеш на іх хітоны,
і падпярэжаш іх поясам, Аарона і сыноў ягоных, і адзенеш на іх турбаны, і будзе ім належаць сьвятарства паводле пастановы вечнае, і напоўніш рукі Аарона і сыноў ягоных.
10  I прывядзеш бычка перад Намёт Спатканьня, і ўскладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву бычка.
11  I зарэжаш бычка перад абліччам ГОСПАДА каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.
12  I возьмеш кроў бычка, і памажаш рогі ахвярніка пальцам тваім, і ўсю кроў выльеш на падставу ахвярніка.
13  I возьмеш увесь тлушч, які пакрывае нутро, і лой з вантробаў, і абедзьве ныркі, і тлушч, які на іх, і спаліш на ахвярніку.
14  А мяса бычка, і скуру ягоную, і гной ягоны спаліш на агні па-за табарам. Гэта ахвяра за грэх.
15  I возьмеш аднаго з бараноў, і ўскладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана.
16  I зарэжаш барана, і возьмеш кроў ягоную, і пакропіш на ахвярнік наўкола.
17  I барана расьсячэш на кавалкі ягоныя, і вымыеш нутро ягонае і ногі ягоныя, і паложыш іх на [расьсечаныя] кавалкі ягоныя і на галаву ягоную.
18  I спаліш усяго барана на ахвярніку. Гэта цэласпаленьне ГОСПАДУ, пах прыемны, ахвяра агню для ГОСПАДА.
19  I возьмеш другога барана, і ўскладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана.
20  I зарэжаш барана, і возьмеш кроў ягоную, і памажаш верх правага вуха Аарона і верх правага вуха сыноў ягоных, вялікі палец правай рукі іхняй, і вялікі палец правай нагі іхняй; і пакропіш крывёю ахвярнік наўкола.
21  I возьмеш кроў, якая на ахвярніку, і алей памазаньня, і пакропіш Аарона і сыноў ягоных, і адзеньне ягонае, і адзеньні сыноў ягоных з ім; і будзе асьвячоны ён і адзеньне ягонае, і сыны ягоныя, і адзеньні сыноў ягоных з ім.
22  I возьмеш тлушч барана і хвост, і тлушч, які пакрывае нутро, і лой з вантробаў, і абедзьве ныркі, і тлушч, які на іх, і правую лапатку, бо гэта баран пасьвячэньня,
23  і адзін бохан хлеба, і адно печыва хлеба, [зробленае] на алеі, і адну аладку з каша праснакоў, які перад абліччам ГОСПАДА,
24  і паложыш усё [гэта] на далоні Аарона і на далоні сыноў ягоных, і будзеш патрэсваць іх як ахвяру патрэсваньня перад абліччам ГОСПАДА.
25  I возьмеш іх з рук іхніх, і спаліш на ахвярніку як цэласпаленьне, пах прыемны перад абліччам ГОСПАДА. Гэта ахвяра вагню для ГОСПАДА.
26  I возьмеш грудзіну барана пасьвячэньня, які быў для Аарона, і будзеш патрэсваць ёю як ахвярай патрэсваньня перад абліччам ГОСПАДА, і гэта будзе частка твая.
27  I асьвяціш грудзіну патрасаную і лапатку ўзьнесеную, якія былі патрэсваныя і якія былі ўзьнесеныя з барана пасьвячэньня, які быў для Аарона і які быў для сыноў ягоных.
28  I будуць яны для Аарона і сыноў ягоных паводле пастановы вечнай ад сыноў Ізраіля, бо гэта ўзьнясеньне, і гэтае ўзьнясеньне мае быць ад сыноў Ізраіля з іхніх ахвяраў мірных, узьнясеньне іхняе для ГОСПАДА.
29  I адзеньні сьвятыя, якія [належаць] Аарону, будуць [належаць] сынам ягоным пасьля яго, каб у іх памазваць іх і напаўняць рукі іхнія.
30  Сем дзён мае апранацца ў іх сьвятар з сыноў ягоных, [які будзе] замест яго, які будзе ўваходзіць у Намёт Спатканьня, каб служыць у сьвятыні.
31  I барана пасьвячэньня возьмеш, і зварыш мяса ягонае на месцы сьвятым.
32  I будзе есьці Аарон і сыны ягоныя мяса барана гэтага і хлеб, які ў кашы, каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.
33  I будуць яны есьці тое, што было перамаленьнем за іх, каб напоўніць рукі іхнія і асьвяціць іх; а чужы ня будзе есьці гэта, бо гэта сьвятое.
34  I калі застанецца мяса пасьвячэньня і хлеб да раніцы, спаліш астачу на агні, нельга есьці яго, бо гэта сьвятое.
35  I ўсё зробіш Аарону і сынам ягоным паводле таго, што Я загадаў табе: сем дзён будзеш напаўняць рукі іхнія.
36  I бычка як ахвяру за грэх будзеш складаць кожны дзень дзеля перамольваньня, і ачысьціш ахвярнік ад грэху, учыніўшы перамольваньне за яго, і памажаш яго, і асьвяціш яго.
37  Сем дзён будзеш зьдзяйсьняць перамольваньне за ахвярнік і будзеш асьвячаць яго, і будзе ахвярнік сьвятое сьвятых; усё, што дакранецца да ахвярніка, будзе сьвятым.
38  Вось што будзеш складаць [у ахвяру] на ахвярніку: двух ягнятаў аднагодак кожны дзень заўсёды.
39  Адно ягня складзеш [у ахвяру] раніцай, а другое ягня складзеш [у ахвяру] вечарам.
40  I на адно ягня [возьмеш] дзясятую частку [эфы] найлепшае мукі, зьмяшанай з алеем выціснутым, якога чвэрць гіну, і на ўзьліваньне — чвэрць гіну віна.
41  А другое ягня складзеш [у ахвяру] ўвечары, падобна як ахвяраваньне раніцаю і ўзьліваньне пры ёй складзеш яго на пах прыемны, на ахвяру агню для ГОСПАДА.
42  [Гэта] цэласпаленьне, [якое будзе] заўсёды ў пакаленьнях вашых перад уваходам у Намёт Спатканьня перад абліччам ГОСПАДА, дзе буду сустракацца з вамі, каб размаўляць там з табою.
43  I буду сустракацца там з сынамі Ізраіля, і будзе асьвячонае [тое месца] славаю Маёю.
44  I Я асьвячу Намёт Спатканьня і ахвярнік; і Аарона і сыноў ягоных асьвячу, каб яны былі сьвятарамі Маімі.
45  I буду жыць сярод сыноў Ізраіля, і буду ім Богам.
46  I пазнаюць, што Я — ГОСПАД, Бог іхні, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, каб Мне жыць сярод іх. Я — ГОСПАД, Бог іхні.