Вых 36
I зробіць Бэцалеэль, і Агаліяў, і кожны мудры сэрцам, якому даў ГОСПАД мудрасьць і разумнасьць у нутры іхнім, каб маглі зрабіць усю працу для служэньня ў сьвятыні, усё, як загадаў ГОСПАД».
I паклікаў Майсей Бэцалеэля, і Агаліява, і кожнага мудрага сэрцам, якому ГОСПАД даў мудрасьць у сэрца ягонае, усіх, каго прынукала сэрца ягонае ўзяцца за працу і зрабіць яе.
I ўзялі яны ад аблічча Майсея ўсе дары, якія прынесьлі сыны Ізраіля на працы для служэньня ў сьвятыні, каб зрабіць яе. І яны прыносілі да яго яшчэ дабраахвотна кожную раніцу.
I прыйшлі ўсе мудрыя, якія рабілі ўсялякія працы ў сьвятыні, кожны ад працы сваёй, якою яны займаліся,
і сказалі Майсею, кажучы: «Народ вельмі шмат прыносіць, больш, чым патрэбна для працы, якую загадаў ГОСПАД зрабіць».
I загадаў Майсей, і абвешчана было ўголас у табары, кажучы: «Ані мужчына, ані жанчына няхай ня робяць ужо нічога як дар для сьвятыні». І перастаў народ прыносіць [дары].
I прынесенага на работу было даволі на ўсялякую працу, якую належала зрабіць, і яшчэ заставалася.
I зрабілі ўсе мудрыя сэрцам, якія займаліся працаю ў Сялібе, дзесяць палотнаў з кручанага вісону, блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну, і херувімаў майстэрскай работай зрабілі на іх.
Даўжыня аднаго палатна — дваццаць восем локцяў, а шырыня аднаго палатна — чатыры локці. Адна мера для ўсіх палотнаў.
10  I злучыў [Бэцалеэль] пяць палотнаў адно з адным, і пяць [іншых] палотнаў злучыў адно з адным.
11  I зрабіў пяцелькі з блакіту на краі аднаго палатна для спінаньня; гэтак зрабіў ён на краі апошняга палатна, для спінаньня з іншага боку.
12  Пяцьдзясят пяцелек зрабіў ён на адным палатне, і пяцьдзясят пяцелек зрабіў на канцы палатна для спінаньня з другім; пяцелькі гэтыя — насупраць адна адной.
13  I зрабіў пяцьдзясят гачыкаў залатых, і злучыў гачыкамі палотны адно з адным, і сталася Сяліба адным [цэлым].
14  I зрабіў палотны з казінае [поўсьці] для намёту Сялібы; адзінаццаць палотнаў зрабіў іх.
15  Даўжыня аднаго палатна — трыццаць локцяў, і чатыры локці — шырыня аднаго палатна; мера адна для адзінаццаці палотнаў.
16  I злучыў ён пяць палотнаў асобна, і шэсьць палотнаў асобна.
17  I зрабіў пяцьдзясят пяцелек на краі палатна на канцы для спінаньня, і пяцьдзясят пяцелек зрабіў на краі палатна для спінаньня з іншага боку.
18  I зрабіў пяцьдзясят гачыкаў мядзяных для злучэньня намёту, каб быў адным [цэлым].
19  I зрабіў пакрыцьцё на намёт са скураў бараноў, фарбаваных на чырвона, і пакрыцьцё на верх са скураў тахаш.
20  I зрабіў дошкі для Сялібы, якія будуць стаяць [проста], з дрэва акацыі.
21  Дзесяць локцяў — даўжыня дошкі, і паўтары локці — шырыня адной дошкі.
22  Па два шыпы ў кожнай дошцы, асаджаныя адзін насупраць другога; гэтак зрабіў ён у-ва ўсіх дошках Сялібы.
23  I зрабіў дошкі для Сялібы — дваццаць дошак для паўднёвага боку, [што глядзіць] на поўдзень.
24  I сорак срэбных падставак зрабіў пад дваццаць дошак: дзьве падстаўкі пад адну дошку да двух шыпоў ейных, і дзьве падстаўкі пад другую дошку да двух шыпоў ейных.
25  I да другога боку сялібы, [што глядзіць] на поўнач, зрабіў дваццаць дошак,
26  і сорак падставак для іх срэбных: дзьве падстаўкі пад адну дошку, і дзьве падстаўкі пад другую дошку.
27  I да задняга боку Сялібы, [што глядзіць] на захад, зрабіў шэсьць дошак.
28  I дзьве дошкі зрабіў для вуглоў Сялібы пры [заходнім] боку.
29  I яны былі злучаныя ўнізе, і разам злучаныя ўгары адным колцам. Гэтак зрабіў ён з імі абедзьвума на абодвух вуглах.
30  I [так] было восем дошак, і падставак іхніх срэбных шаснаццаць, дзьве падстаўкі пад адну дошку, і дзьве падстаўкі пад другую дошку.
31  I зрабіў ён жэрдкі з дрэва акацыі, пяць [жэрдак] да дошак аднаго боку сялібы,
32  і пяць жэрдак да дошак другога боку сялібы, і пяць жэрдак да дошак задняга боку сялібы.
33  I зрабіў сярэднюю жэрдку, што праходзіла пасярэдзіне дошак ад аднаго канца да другога.
34  I дошкі пакрыў золатам; і колцы на іх для ўкладаньня жэрдак зрабіў з золата, і жэрдкі пакрыў золатам.
35  I зрабіў заслону з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону; і мастацкай работай зрабіў на ёй херувімаў.
36  I зрабіў да яе чатыры слупы з акацыі, і пакрыў іх золатам, і кручкі на іх — залатыя, і выліў да іх чатыры падстаўкі срэбныя.
37  I зрабіў заслону на ўваходзе намёту з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону, гафтаванае работы,
38  і слупоў для яе пяць з кручкамі да іх, і пакрыў вярхі іхнія і клямкі іхнія золатам, і [выліў] да іх пяць падставак мядзяных.