Эзк 39
А ты, сыне чалавечы, прароч супраць Гога і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось Я супраць цябе, Гог, князь Рошу, Мэшэку і Тувалю.
І Я вярну цябе, і прывяду цябе, і прыцягну цябе з канца поўначы, і завяду цябе на горы Ізраіля.
І Я выб’ю лук твой з левай рукі тваёй, і выкіну стрэлы твае з правай рукі тваёй.
На гарах Ізраіля ўпадзеш ты і ўсе дружыны твае, і народы, якія з табою; драпежным птушкам, усім крылатым, і зьвярам палявым Я аддам цябе на жыраваньне.
І ты ўпадзеш на абліччы поля, бо Я прамовіў [гэта], кажа Госпад ГОСПАД.
І Я спашлю агонь на Магога і на тых, якія жывуць у бясьпецы на астравах, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД.
І імя Маё сьвятое абвяшчу сярод народу Майго Ізраіля, і больш ня дам зьневажаць імя Маё сьвятое, і даведаюцца народы, што Я — ГОСПАД, Сьвяты Ізраіля”.
Вось, прыходзіць і станецца, кажа Госпад ГОСПАД. Гэта той дзень, пра які Я прамовіў.
І выйдуць жыхары гарадоў Ізраіля, каб распаліць агонь і спаліць зброю, шчыты і тарчы, лукі і стрэлы, доўбні і дзіды, сем гадоў будуць паліць гэта ў агні.
10  І ня будуць яны прыносіць дрэвы з поля, і ня будуць сячы ў лясах, бо зброяй будуць распальваць агонь. І яны абрабуюць тых, якія іх рабавалі, і возьмуць здабычу ў тых, якія ў іх бралі здабычу, кажа Госпад ГОСПАД.
11  І станецца ў той дзень, Я вызначу Гогу месца, дзе будзе магіла ягоная ў Ізраілі, даліну Абарым на ўсход ад мора, і адгараджу яе ад тых, што праходзяць, і там пахаваюць Гога і ўсё войска ягонае, і назавуць яе “Далінай войска Гога”.
12  І будзе хаваць іх дом Ізраіля, каб ачысьціць зямлю, сем месяцаў.
13  І будзе хаваць іх увесь народ зямлі, і будзе для іх слаўны той дзень, калі Я зьяўлю славу Маю, кажа Госпад ГОСПАД.
14  І будуць вызначаныя людзі, якія без перапынку будуць хадзіць па зямлі і хаваць тых, якія засталіся на абліччы зямлі, каб ачысьціць яе. Як пройдзе сем месяцаў, будуць яны шукаць.
15  І калі будуць яны хадзіць па зямлі, і ўбачаць костку чалавечую, паставяць каля яе знак, аж пахаваюць яе грабары ў “Даліне войска Гога”.
16  А назва гораду — Гамона. І ачысьцяць зямлю.
17  А ты, сыне чалавечы, кажа Госпад ГОСПАД, скажы птушкам, усім крылатым, і ўсім зьвярам палявым: “Зьбірайцеся і прыходзьце; зьбірайцеся з усіх бакоў на ахвяру Маю, якую Я прынясу для вас, ахвяру вялікую на гарах Ізраіля. Ешце мяса і піце кроў!
18  Цела волатаў будзеце есьці і кроў князёў зямлі будзеце піць, усе яны — бараны, ягняты, казлы, цяляты тлустыя з Башану.
19  І будзеце есьці тлушч да сытасьці, і кроў будзеце піць да ап’яненьня ад ахвяры Маёй, якую Я прынёс для вас.
20  І вы насыціцеся пры стале Маім канём і калясьніцаю, волатам і ўсякім ваяром, кажа Госпад ГОСПАД.
21  І Я зьяўлю славу Маю сярод народаў, і ўбачаць усе народы суд Мой, які Я ўчыню, і руку Маю, якую на іх пакладу.
22  І даведаецца дом Ізраіля, што Я — ГОСПАД, Бог іхні ад гэтага дня і назаўсёды,
23  І даведаюцца народы, што за беззаконьні свае пайшоў на выгнаньне дом Ізраіля, бо яны адступіліся ад Мяне, і Я схаваў аблічча Маё ад іх, і аддаў іх у руку прыгнятальнікаў іхніх, і ўсе яны пападалі ад мяча.
24  Паводле нячыстасьці іхняй і паводле злачынстваў іхніх Я зрабіў з імі, і схаваў аблічча Маё ад іх”.
25  Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД: “Цяпер Я вярну палон Якуба і пашкадую ўвесь дом Ізраіля, і задбаю пра імя Маё сьвятое.
26  І яны панясуць ганьбу сваю і ўсю нявернасьць сваю, якой яны адступіліся ад Мяне, калі Я пасялю іх у зямлі іхняй у бясьпецы, і ніхто ня будзе палохаць іх,
27  калі Я выведу іх спасярод народаў і зьбяру іх з земляў ворагаў іхніх, і зьяўлю ў іх сьвятасьць Маю на вачах народаў шматлікіх.
28  І яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД, Бог іхні, калі выганю іх да народаў, і зьбяру іх зноў у зямлі іхняй, і больш не пакіну там нікога з іх.
29  І больш не схаваю аблічча Майго ад іх, бо выльлю Духа Майго на дом Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД”».