Бц 13
І падняўся Абрам з Эгіпту сам і жонка ягоная, і ўсё, што ён меў, і Лот з ім, у Нэгеў.
І быў Абрам вельмі багаты статкамі, срэбрам і золатам.
І ён ішоў у падарожжы сваім з Нэгеву ў Бэтэль, аж да месца, дзе раней быў намёт ягоны між Бэтэлем і Гаем,
да таго месца, дзе раней ён збудаваў ахвярнiк; і там клікаў Абрам імя ГОСПАДА.
Таксама Лот, які ішоў з Абрамам, меў авечак, валоў і намёты.
І не магла зямля насіць іх, каб жылі разам, бо маёмасьць іх была вялікая і не маглі яны жыць разам.
І была спрэчка паміж пастухамі статкаў Абрама і пастухамі статкаў Лота. А ў той час Хананейцы і Пэрэзэі жылі ў той зямлі.
І сказаў Абрам Лоту: «Няхай ня будзе спрэчкі паміж мной і табой, і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, бо мы ж браты.
Ці ня ўся гэтая зямля перад табою? Прашу, адлучыся ад мяне! Калі ты ўлева, дык я — управа, а калі ты ўправа, дык я — улева».
10  І ўзьняў Лот вочы свае, і ўбачыў усю ваколіцу каля Ярдану аж да Цаару, бо ўся яна была [напоеная] вадой перад тым, як зьнішчыў ГОСПАД Садом і Гамору, як сад ГОСПАДА і як зямля Эгіпецкая.
11  І выбраў сабе Лот усю ваколіцу каля Ярдану. І рушыў Лот на ўсход, і аддзяліліся яны адзін ад аднаго.
12  Абрам жыў у зямлі Ханаан, а Лот жыў у гарадах той ваколіцы і паставіў намёты аж да Садому.
13  А жыхары Садому былі ліхімі і вялікімі грэшнікамі перад ГОСПАДАМ.
14  І сказаў ГОСПАД Абраму пасьля таго, як Лот адлучыўся ад яго: «Узьнімі вочы твае і паглядзі з месца, дзе ты цяпер, на поўнач і на поўдзень, на ўсход і на захад.
15  Бо ўсю зямлю, якую бачыш, Я дам табе і насеньню твайму на вякі.
16  І зраблю насеньне тваё, як пясок зямлі. Калі чалавек зможа палічыць пясок зямлі, тады і тваё насеньне палічана будзе.
17  Устань і прайдзі па зямлі гэтай у даўжыню і шырыню яе, бо Я дам яе табе».
18  І паставіў Абрам намёт, і пайшоў, і абжыўся каля дубровы Мамрэ, што ў Хеўроне, і пабудаваў там ахвярнiк ГОСПАДУ.