Ос 5
Слухайце гэта, сьвятары, і пачуйце, доме Ізраіля, і прыхіліце вуха, доме валадара, бо вам будзе суд, бо вы былі пасткаю для Міцпы і сеткаю, расьцягнутаю на Таборы.
І бунтаўнікі жадаюць забіваць, але Я пакараю кожнага з іх.
Я ведаю Эфраіма, і Ізраіль не схаваны ад Мяне, бо цяпер ты распусьнічаеш, Эфраім, стаў нячыстым Ізраіль.
Не даюць учынкі іхнія вярнуцца да Бога іхняга, бо дух распусты ў нутры іхнім, і яны ня ведаюць ГОСПАДА.
І пыха Ізраіля сьведчыць перад абліччам ягоным, і Ізраіль, і Эфраім спатыкнуцца ў грахах сваіх, таксама Юда спатыкнецца з імі.
З авечкамі сваімі, з валамі сваімі пойдуць шукаць ГОСПАДА, але ня знойдуць. Ён аддаліўся ад іх.
Яны здрадзілі ГОСПАДУ, бо сыноў чужых нарадзілі. Цяпер пажарэ іх маладзік разам з часткамі [спадчыны] іхняй.
Трубіце ў рог у Гіве, [дзьмі­це] ў трубу ў Раме, крычыце ў Бэт-Авэне: «Ужо па табе, Бэн’яміне!»
Эфраім будзе спустошаны ў дзень пакараньня. Сярод каленаў Ізраіля паведамлю пра тое, што напэўна [будзе].
10  Князі Юды сталіся як тыя, што перасоўваюць мяжу. Выльлю на іх як ваду гнеў Мой.
11  Эфраім прыгнечаны, судом паламаны, бо пачаў хадзіць за марнотаю.
12  І Я [буду] як моль для Эфраіма, і як гніль для дому Юды.
13  І ўбачыў Эфраім хваробу сваю, а Юда — рану сваю, і пайшоў Эфраім у Асур, і паслаў да валадара Ярэва, але той ня можа ані аздаравіць вас, ані вылечыць рану вашую.
14  Бо Я [буду] як леў для Эфраіма і як ільвяня для дому Юды. Я, Я разьдзяру і адыйду, панясу, і ніхто не выратуе.
15  Пайду, вярнуся на месца Маё, аж пакуль не прызнаюць віну сваю і будуць шукаць аблічча Маё. У прыгнечанасьці сваёй будуць пільна шукаць Мяне.