Іс 8
І сказаў ГОСПАД да мяне: «Вазьмі сабе табліцу вялікую і напішы на ёй літарамі чалавечымі: “Магер-Шалал-Хаш-Баз”».
І ўзяў я для сябе сьведкаў верных — Урыю сьвятара і Захарыю, сына Евэрэхіі.
І я наблізіўся да прарочыцы, і яна зачала, і нарадзіла сына. І сказаў ГОСПАД мне: «Назаві імя ягонае Магер-Шалал-Хаш-Баз,
бо перш, чым хлопец навучыцца клікаць “тата мой” і “мама мая”, занясуць багацьці Дамаску і здабычу Самарыі перад аблічча валадара Асірыйскага».
І працягнуў ГОСПАД прамаўляць да мяне яшчэ, кажучы:
«За тое, што народ гэты адкідае воды Шыляаху, якія цякуць паволі, а захапляецца Рэцынам і сынам Рэмаліі,
таму вось, Госпад узьніме на іх воды ракі, магутныя і шматлікія — валадара Асірыйскага і ўсю славу ягоную, і ўзьнімецца [рака] па-над усе рэчышчы свае, і выльецца з усіх берагоў сваіх;
і разальецца ў Юдзе, і затопіць [яго], і падымецца высока аж да шыі, і крылы ейныя будуць раскінутыя на ўсю шырыню зямлі тваёй, Іммануэль!»
«Рабіце ліхоту, народы, і будзеце напалоханыя, і прыхіліце вуха, усе землі далёкія! Падперажыцеся, і будзеце напалоханыя. Падперажыцеся, і будзеце напалоханыя!
10  Радзьце раду, [што рабіць], і яна ня зьдзейсьніцца. Прамаўляйце слова, і ня станецца [паводле яго], бо з намі Бог».
11  Бо гэта сказаў мне ГОСПАД, калі схапіў [мяне] рукою і перасьцярог мяне, каб я не хадзіў шляхам народу гэтага, кажучы:
12  «Не называйце змовай тое, што народ гэты заве змовай, і таго, чаго ён баіцца, ня бойцеся і не палохайцеся.
13  ГОСПАДА Магуцьцяў, Яго сьвяціце, Ён — страх ваш, і Ён [няхай] палохае вас.
14  І Ён будзе сьвятыняй, камянём спатыкненьня і скалой спакусы для абодвух дамоў Ізраіля, пасткай і сілом для жыхароў Ерусаліму.
15  І спатыкнуцца аб іх шматлікія, і ўпадуць, і разаб’юцца, патрапяць у сіло і будуць злоўленыя».
16  Завяжы сьведчаньне, запячатай Закон [унутры] вучняў Маіх.
17  І я буду чакаць ГОСПАДА, Які хавае аблічча Сваё ад дому Якуба, і буду спадзявацца на Яго.
18  Вось я і дзеці, якіх даў мне ГОСПАД. Мы — на знак і на перасьцярогу ў Ізраілі ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Які жыве на гары Сыён.
19  І калі скажуць вам: «Спытайцеся ў тых, якія выклікаюць духаў памерлых і ў варажбітоў, якія цьвіркочуць і мармычуць», [адкажыце]: «Ці ж народ ня мусіць зьвяртацца да Бога свайго? Ці ж у памёршых [пытацца] пра жывых?»
20  [Зьвяртайцеся] да Закону і да сьведчаньня! Калі яны ня будуць казаць паводле слова гэтага, няма для іх [сьвятла] зараніцы.
21  І будзе ён бадзяцца па [зямлі] ўцісканы і галодны. І станецца, калі ён згаладнее, будзе гневацца і будзе праклінаць валадара свайго і Бога свайго, і гляне ўгару,
22  і паглядзіць на зямлю, і вось, гора і цемра, і цемрадзь уціску, і змрок непраглядны. Але ня будзе цемрадзь [назаўсёды] для таго, хто ўцісканы.