Іс 15
Цяжар адносна Мааву. Бо апоўначы прападзе і будзе спустошаны Ар-Мааў; бо ўначы прападзе і будзе спустошаны Кір-Мааў.
Узыходзіць у сьвятыню, а Дывон — на ўзгоркі, каб плакаць; над Нэво і над Мэдэвай галосіць Мааў. На кожнай галаве ягонай — лысіна, і кожная барада абголеная.
На вуліцах ягоных апранутыя ў зрэбніцу, і на дахах ягоных і на плошчах ягоных усе галосяць, сьлязьмі заліваюцца.
Крычаць Хешбон і Элеале, аж у Ягацы чуцён голас іхні. Таму галосяць ваяры Мааву, і душа ягоная ў ім млее.
Сэрца маё крычыць пра Мааў, уцекачы ягоныя [ідуць] аж да Цаару, да Эглят-Шэлішыі, на ўзвышша Люхіт з плачам узыходзяць, бо на шляху ў Харанаім падымецца крык загубы!
Бо воды Німрыму спустошаны, бо высахла трава, зьнік мурог, зеляніны няма.
Дзеля таго робяць запасы, а маёмасьць пераносяць за ручай Аравім.
Бо крык атачае межы Мааву, аж да Эглаіму бедаваньне ягонае, і аж да Бээр-Эліму бедаваньне ягонае.
Бо воды Дымону поўныя крыві, бо Я пакладу на Дымон яшчэ [ліха] — ільва на ўцекачоў з Мааву і на рэшту зямлі.