Іс 37
І сталася, калі пачуў [гэта] валадар Эзэкія, разьдзёр шаты свае, апрануўся ў зрэбніцу і пайшоў у Дом ГОСПАДА.
І паслаў ён Эліякіма, які быў [загадчык] палацу, і Шэўну, пісара, і старэйшых сьвятароў, апранутых у зрэбніцу, да прарока Ісаі, сына Амоса,
і яны сказалі яму: «Гэта кажа Эзэкія: “Дзень гэты — дзень гора, і кары, і ганьбы, бо прыйшлі сыны, каб нарадзіцца, але няма сілы, каб нарадзіць.
Можа, ГОСПАД, Бог твой, пачуе словы Рабсака, якога паслаў валадар Асірыі, гаспадар ягоны, каб зьневажаць Бога Жывога, і ГОСПАД, Бог твой, пакарае яго за словы, якія чуў? А ты ўзьнясі малітву за рэшту, якая яшчэ засталася”».
І прыйшлі слугі валадара Эзэкіі да Ісаі.
І сказаў ім Ісая: «Гэта скажыце гаспадару вашаму: “Так кажа ГОСПАД. Ня бойся словаў, якія ты чуў, якімі слугі валадара Асірыі зьневажалі Мяне.
Вось, Я спашлю на яго духа, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я ўдару яго мячом у зямлі ягонай”».
І вярнуўся Рабсак, і знайшоў валадара Асірыі, які здабываў Лібну, бо пачуў, што ён адыйшоў з-пад Ляхішу.
І пачуў [валадар], што сказалі пра Тыргака, валадара Кушу: «Ён выйшаў ваяваць супраць цябе». І ён пачуў гэта, і паслаў пасланцоў да Эзэкіі, кажучы:
10  «Гэта скажыце Эзэкіі, валадару Юды: “Няхай ня зводзіць цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, кажучы: “Ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі валадара Асірыі”.
11  Вось, ты чуў, што зрабілі валадары Асірыі з усімі землямі, прызначаючы іх на загубу, а ты ці зможаш захавацца?
12  Ці выратавалі богі тых народаў, якія зьнішчылі бацькі мае, Газан, Харан, Рэцэф і сыноў Эдэну, якія ў Тэлясары?
13  Дзе валадар Хамату і валадар Арпаду, і валадар гарадоў Сэфарваіму, Гэны і Іввы?”»
14  І ўзяў Эзэкія ліст гэты з рук пасланцоў, і прачытаў яго, і ўвайшоў у Дом ГОСПАДА, і разгарнуў яго перад абліччам ГОСПАДА.
15  І маліўся Эзэкія да ГОСПАДА, кажучы:
16  «ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, Які сядзіш на херувімах! Ты — адзіны Бог над усімі валадарствамі зямлі, Ты стварыў неба і зямлю.
17  Нахілі, ГОСПАДЗЕ, вуха Тваё і пачуй; адкрый, ГОСПАДЗЕ, вочы Твае і пабач! І выслухай усе словы Санхерыва, якія ён паслаў, каб зьневажаць Бога Жывога!
18  Праўда, ГОСПАДЗЕ, што валадары Асірыі зьнішчылі ўсе народы і землі іхнія.
19  У агонь яны кінулі багоў іхніх, бо яны не былі багамі, але творамі рук чалавечых, дрэвам і камянём, і зьнішчылі іх.
20  А цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, збаў нас ад рукі ягонай, і няхай ведаюць усе валадары зямлі, што Ты, ГОСПАДЗЕ, — адзіны Бог!»
21  І паслаў Ісая, сын Амоса, да Эзэкіі, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “[Я пачуў тое], пра што ты маліўся да Мяне адносна Санхерыва, валадара Асірыі”.
22  Вось слова, якое прамовіў ГОСПАД пра яго: “Насьміхаецца з цябе, пагарджае табою дзяўчына, дачка Сыёну. За табою ківае галавой дачка Ерусаліму.
23  Каго зьневажаў ты і на Каго блюзьніў? Супраць Каго падняў ты голас і ўверх узьняў вочы твае? Супраць Сьвятога Ізраілева!
24  Праз рукі слугаў тваіх ты зьневажаў Госпада і казаў: “З мноствам калясьніцаў маіх я ўзыйшоў на горы высокія, на схілы Лібану, і выразаў гонкія кедры ягоныя, і найпрыгажэйшыя кіпарысы ягоныя, і дайшоў аж да вяршыняў ягоных, у нетры садоў ягоных.
25  Я капаю [студню] і п’ю ваду, і высушваю стопамі ног маіх усе рэкі Эгіпецкія”.
26  Хіба ты ня чуў, што даўно Я зрабіў гэта, у дні старадаўнія Я прызначыў гэта, а цяпер зьдзяйсняю, што ты нішчыш гарады ўмацаваныя, ператвараючы іх у купу друзу.
27  Жыхары іхнія [маюць] рукі слабыя, [яны] стрывожаныя і зьбянтэжаныя; і сталіся як сена ў полі, як зеляніна маладая і як трава на даху, спаленая перш, чым сасьпела.
28  Ці ты сядзіш, ці выходзіш, ці ўваходзіш — Я ведаю, і [ведаю] злоснасьць тваю адносна Мяне.
29  За тое, што ты злуешся на Мяне і што пыха твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўкладу кальцо Маё ў ноздры твае і цуглі Мае ў рот твой, і выведу цябе на дарогу, па якой ты прыйшоў”.
30  А для цябе, [Эзэкія], такі знак: “Ешце ў гэтым годзе тое, што засталося ад сабранага [зерня], а ў другі год — тое, што само вырасьце, а ў трэці год сейце і зьбірайце, садзіце вінаграднікі і ешце плады іхнія.
31  І тое, што застанецца з дому Юды, пусьціць корань у глыб і дасьць плод угару.
32  Бо з Ерусаліму выйдзе рэшта, і збаўленыя — з гары Сыён. Рэўнасьць ГОСПАДА Магуцьцяў зробіць гэта”.
33  Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра валадара Асірыі: “Ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня выпусьціць ён туды стралы; і не наставіць супраць яго шчыт, і не насыпле кругом яго валу.
34  Шляхам, якім ён прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа ГОСПАД.
35  Я абараню горад гэты і выратую яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Майго”».
36  І выйшаў анёл ГОСПАДА, і забіў у табары Асірыйцаў сто восемдзясят пяць тысячаў [чалавек]. І ўсталі раніцаю, і вось, усе яны мёртвыя.
37  І Санхерыў, валадар Асірыі, сабраў [табар] і адыйшоў, і вярнуўся, і затрымаўся ў Нініве.
38  І сталася, калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, Адрамэлех і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мячом і ўцяклі ў зямлю Арарат. І сын ягоны Эсар-Хадон заваладарыў пасьля яго.