Іс 47
Зыйдзі і сядзь у пыл, дзяўчына, дачка Бабілону! Сядзь на зямлі, без пасаду, дачка Халдэйцаў! Бо ты больш ня будзеш называцца чульлівай і далікатнай.
Вазьмі жорны і мялі муку, і здымі вэлюм твой, падкашы сукенку, адкрый ногі, пераходзь праз рэкі.
І будзе адкрыты сорам твой, і ўбачаць ганьбу тваю! Я адпомшчу і не пашкадую нікога.
Адкупіцель наш, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае, Сьвяты Ізраіля [кажа].
Сядзь моўчкі і ўвайдзі ў цемру, дачка Халдэйцаў, бо не назавуць цябе больш гаспадыняй над валадарствамі.
Я загневаўся на народ Мой, апаганіў спадчыну Маю і аддаў іх у руку тваю, а ты не зьявіла ім ласкі, над старымі вельмі зацяжэла ярмо тваё.
Ты казала: «Вечна я буду гаспадыняй», і не ўяўляла ў сэрцы тваім гэтага, і не нагадвала сабе пра канец твой.
А цяпер паслухай гэта, прыгажуня, якая жывеш у бясьпецы, якая кажаш у сэрцы сваім: «[Толькі] я, і акрамя мяне [няма] нікога, не застануся ўдавой і не зазнаю сіроцтва!»
Але прыйдзе да цябе і тое, і іншае. Раптам, у адзін дзень і сіроцтва, і ўдоўства зваляцца на цябе, нягледзячы на мноства чараваньняў тваіх, нягледзячы на моц мноства заклёнаў тваіх.
10  Бо ты спадзявалася на злоснасьць тваю і казала: «Ніхто ня ўбачыць мяне». Мудрасьць твая і веданьне тваё падманулі цябе, і ты сказала ў сэрцы тваім: «Я, і больш ніхто!»
11  Таму прыйдзе на цябе гора, і ня будзеш ведаць заклёну супраць яго, і спадзе на цябе бяда, і ня зможаш пазьбег­нуць яе, і прыйдзе на цябе раптам зьнішчэньне, пра якое ня ведаеш.
12  Заставайся з заклёнамі тваімі і з мноствам чараваньняў тваіх, у якіх практыкавалася ад юнацтва твайго. Можа, будзеш мець з іх карысьць, а можа, напалохаеш [каго].
13  Ты стамілася ад мноства дарадцаў тваіх. Няхай ста­нуць і ратуюць цябе тыя, якія мераюць неба і глядзяць за зоркамі, і прадказваюць на кожны месяц, што мае прыйсьці да цябе.
14  Вось, яны сталіся, як салома, агонь спаліць іх, і ня выратуюць яны душы сваёй ад рукі агню; бо гэта ня жар, якім грэюцца, гэта ня вогнішча, каб сядзець пры ім.
15  Такімі стануць для цябе тыя, з якімі ты працавала, якія атачалі цябе ад юнацтва твайго. Кожны будзе блукаць у свой бок, і ніхто не ўратуе цябе.