Іс 55
Гэй, усе спрагнёныя, прыходзьце да вады, і тыя, што ня маюць срэбра, прыходзьце, купляйце і спажывайце; прыходзьце і купляйце бяз срэбра і бяз платы віно і малако!
Навошта вы адважваеце срэбра за тое, што ня хлеб, і працу сваю за тое, што не насыціць? Слухаючы, паслухайце Мяне і будзеце есьці [тое, што] добрае, і будзе насалоджвацца тлустым душа вашая.
Прыхіліце вуха сваё і прыйдзіце да Мяне, паслухайце, і будзе жыць душа вашая! І Я заключу з вамі запавет вечны дзеля нязьменнай міласэрнасьці, [абяцанай] Давіду.
Вось, Я паставіў яго сьведкам для народаў і правадыром, які дае загады людзям.
Вось, ты паклічаш народ, якога ня ведаеш, і народы, якія цябе ня ведалі, прыбягуць да цябе дзеля ГОСПАДА, Бога твайго, і дзеля Сьвятога Ізраіля, бо Ён уславіў цябе.
Шукайце ГОСПАДА, пакуль можна знайсьці Яго, клічце Яго, пакуль Ён блізка!
Няхай бязбожнік пакіне шлях свой, а нягоднік — намеры свае, і няхай вернецца да ГОСПАДА, і Ён зьлітуецца над ім, і да Бога нашага, бо Ён шчодры на прабачэньне.
Бо думкі Мае — гэта ня думкі вашыя, і шляхі вашыя — гэта не шляхі Мае, кажа ГОСПАД.
Бо як неба высока над зямлёю, так вышэйшыя шляхі Мае ад шляхоў вашых, і думкі Мае — ад думак вашых.
10  Бо як дождж або сьнег зыходзіць з неба і назад не вяртаецца, аж пакуль не напоіць зямлю і ня зробіць, каб яна ра­дзіла і давала зеляніну, і давала насеньне таму, хто сее, і хлеб таму, хто есьць,
11  так і слова Маё, якое выходзіць з вуснаў Маіх. Яно не вяртаецца да Мяне пустым, але зьдзяйсьняе тое, што Я жадаю, і мае посьпех у тым, дзеля чаго Я паслаў яго.
12  Бо вы з радасьцю выйдзеце, і ў супакоі правядуць вас. Горы і ўзгоркі перад вамі будуць цешыцца са сьпяваньнем, а ўсе дрэвы палявыя будуць пляскаць у далоні.
13  Замест церняў вырасьце кіпарыс, замест крапівы вырасьце мірт, і будзе гэта на хвалу ГОСПАДУ, як знак вечны, які ня будзе зьнішчаны.