Суд 17
У гарах Эфраіма быў нейкі чалавек на імя Міха.
І ён сказаў маці сваёй: «Тысяча і сто срэбнікаў, якія ў цябе ўкрадзеныя і дзеля якіх ты праклінала і казала, каб я чуў, яны ў мяне, гэта я іх узяў». Яна яму сказала: «Няхай ГОСПАД дабраславіць сына майго!»
І вярнуў ён іх маці сваёй, якая сказала яму: «Гэтае срэбра я прысьвяціла ГОСПАДУ, з рукі маёй прызначана яно для сына майго, каб з яго зрабілі [ідала] рэзьбленага і літага з мэталю. А цяпер я аддаю яго табе».
Але ён зьвярнуў тыя срэбнікі маці сваёй. І маці ягоная ўзяла дзьвесьце срэбнікаў, і дала іх залатару, каб зрабіў з іх ідала рэзьбленага і літага з мэталю, які быў пасьля ў доме Міхі.
І ён меў у сябе бажніцу, і зрабіў эфод і тэрафімаў, і пасьвяціў аднаго з сыноў сваіх, каб быў ён у яго сьвятаром.
У тыя дні не было валадара ў Ізраілі, і кожны рабіў тое, што было слушным у вачах ягоных.
Быў адзін юнак у Бэтлееме Юдэйскім у пакаленьні Юды, а быў ён лявіт і жыў там як прыхадзень.
І чалавек той пакінуў горад Бэтлеем Юдэйскі, і пайшоў вандраваць дзе прыдзецца. І вандруючы, дайшоў ён аж да гары Эфраіма ў дом Міхі.
І Міха сказаў яму: «Адкуль ты паходзіш?» Ён сказаў яму: «Я — лявіт з Бэтлеему Юдэйскага, і шукаю месца, дзе абжыцца».
10  І сказаў яму Міха: «Застанься ў мяне, і будзь мне бацькам і сьвятаром, а я дам табе штогод дзесяць срэбнікаў, патрэбнае адзеньне і ежу».
11  І спадабалася таму лявіту жыць у чалавека таго, і ён стаўся яму як адзін з сыноў ягоных.
12  І Міха пасьвяціў таго лявіта, і меў таго юнака як сьвятара, і ён жыў у доме Міхі.
13  І сказаў Міха: «Цяпер я ведаю, што ГОСПАД будзе рабіць мне добрае, бо я маю лявіта сьвятаром».