Суд 19
У тыя дні не было валадара ў Ізраілі. І быў нейкі лявіт, які як прыхадзень [жыў] на ўзбоччы гары Эфраіма. І меў ён наложніцу з Бэтлеему Юдэйскага.
Яна з ім пасварылася і вярнулася да бацькі свайго ў Бэтлеем, і заставалася ў яго чатыры месяцы.
І пайшоў за ёю муж ейны, хочучы прамовіць да сэрца ейнага і вярнуць яе да сябе. І меў ён з сабой слугу і двух аслоў. Яна прыняла яго і завяла ў дом бацькі свайго. Калі бацька яе ўбачыў [зяця], узрадаваўся і выйшаў яму на спатканьне.
І затрымаў яго там, і заставаўся зяць у доме цесьця тры дні, балюючы з ім па-сяброўску і выпіваючы.
У чацьвёрты дзень, калі ён устаў раніцай і меўся ісьці, цесьць сказаў яму: «Падсілкуйся хлебам, умацуйся, а потым пойдзеш у дарогу».
І зноў сядзелі яны разам абодва, елі і пілі. І бацька той жанчыны сказаў зяцю свайму: «Прашу цябе, таксама сёньня пабудзь тут, і няхай радуецца сэрца тваё».
Але ён устаў і зьбіраўся ісьці, і ўсё адно цесьць затрымаў яго ў сябе яшчэ на адну ноч.
Калі настала раніца, на пяты дзень, лявіт зьбіраўся ў дарогу, але цесьць зноў сказаў яму: «Прашу цябе, умацуй сэрца сваё». І марудзілі да канца дня, і абодва частаваліся разам.
І ўстаў той чалавек, каб разам з жонкай сваёй і слугою варочацца, але цесьць, бацька жанчыны, стаў угаворваць яго: «Падумай, дзень ужо хіліцца на вечар. Застаньцеся ў мяне сёньня. Пераначуйце тут, і няхай будзе добра на сэрцы тваім, а заўтра раніцаю вырушыце ў дарогу, каб вярнуцца ў дом свой».
10  Але зяць не паддаўся намовам ягоным, і адразу выбраўся ў дарогу, і прыйшоў у Евус, значыць у Ерусалім, і [былі] ў яго два аслы асядланыя, і наложніца з ім.
11  Ужо былі яны каля Евусу, і вечарэла. І сказаў слуга гаспадару свайму: «Хадзем, завернем у горад Евусэяў і затрымаемся там».
12  І адказаў яму гаспадар: «Не, ня пойдзем у горад чужынцаў, бо яны не з сыноў Ізраіля, але пройдзем аж у Гіву».
13  І сказаў слузе свайму: «Хадзем, дабярэмся да нейкай мясцовасьці ў Гіве або ў Раме, і там затрымаемся».
14  І мінулі яны Евус, і працягвалі пачатую дарогу. І зайшло ім сонца каля Гівы, што належыць да Бэн’яміна.
15  І завярнуліся яны туды, каб там пераначаваць. Але калі туды заехалі і сядзелі на плошчы гораду, ніхто не хацеў прыняць іх на ноч.
16  У той дзень адзін стары вяртаўся ўвечары з працы сваёй у полі. Ён быў з гары Эфраіма і як прыхадзень жыў у Гіве. А ў тым горадзе людзі былі з сыноў Бэн’яміна.
17  І падняў ён вочы свае, і ўбачыў падарожнага чалавека, які сядзеў на плошчы гораду, і спытаўся ў яго той стары: «Адкуль ты і куды ідзеш?»
18  Той адказаў яму: «Мы ідзем з Бэтлеему Юдэйскага аж на ўзбоччы гары Эфраіма, адкуль былі пайшоўшы ў Бэтлеем Юдэйскі. І цяпер вяртаемся да Дому ГОСПАДА, але ніхто ня хоча прыняць нас у дом.
19  Маем салому, папас для аслоў нашых, хлеб і віно для мяне, для служкі тваёй і для юнака гэтага, які са слугою тваім. Нічога не патрабуем».
20  І сказаў стары: «Супакой табе! Я дам табе ўсё, што патрэбна, толькі не начуй на плошчы».
21  І завёў яго ў дом свой, даў мяшанку аслам, і памылі ногі свае, і елі, і пілі.
22  Калі яны ўзьвесялілі сэрца сваё, вось, мужчыны гораду таго, сыны Бэліяла, акружылі дом старога, і пачалі грукаць у дзьверы, крычучы: «Выведзі нам мужчыну, які зайшоў у дом твой, мы хочам пазнаць яго».
23  І выйшаўшы да іх стары, і сказаў: «Не рабіце, браты, гэтага ліха, бо прыйшоў да мяне чалавек у госьці, не рабіце гэтай ганьбы.
24  Маю дачку дзяўчыну, а гэты чалавек мае наложніцу; выведу іх да вас, і вы рабіце з імі, што добра ў вачах вашых, а чалавеку гэтаму не рабіце ганьбы».
25  Але людзі тыя і слухаць яго не хацелі. І ўзяў той чалавек наложніцу сваю, і вывеў яе да іх, і яны пазналі яе, і гвалтавалі яе ўсю ноч аж да раніцы.
26  І прыйшла жанчына тая на сьвітаньні, і ўпала каля ўваходу ў дом, дзе быў гаспадар ейны, і там [ляжала] да сьвятла [дня].
27  Раніцаю ўстаў гаспадар ейны і адчыніў дзьверы дому, каб далей ісьці ў дарогу. І вось, наложніца ягоная ляжыць перад уваходам, і рукі ейныя на парозе.
28  Ён сказаў ёй: «Уставай, пойдзем». Але яна нічога не адказала. І ён узяў яе, і палажыў на асла, і вярнуўся ў дом свой.
29  І прыйшоў у дом свой, і схапіў нож, і пасек цела наложніцы сваёй на дванаццаць частак, і разаслаў у-ва ўсе межы Ізраіля.
30  І ўсе бачылі гэта, і казалі: «Ніколі гэтага не было і не было бачана нічога падобнага ад дня, у які сыны Ізраіля выйшлі з Эгіпту аж да сёньняшняга дня! Зьвярніце ўвагу на гэта і скажыце, што рабіць».