Яр 5
Аббяжыце вуліцы Ерусаліму, паглядзіце і прасачыце, і абшукайце на пляцах ягоных, ці знойдзеце чалавека, ці няма таго, хто чыніць суд, шукае праўды, і Я прабачу ім.
Калі яны кажуць: “Як жывы ГОСПАД!”, яны прысягаюць фальшыва.
ГОСПАДЗЕ, ці ж вочы Твае ня [зьвернуты] да праўды? Ты ўдарыў іх, а ім не баліць, Ты панішчыў іх, а яны адмовіліся прыняць настаўленьне; яны закамянілі абліччы свае горш за скалу і адмовіліся навярнуцца.
І Я сказаў: “Толькі людзі простыя робяць неразважна, бо яны ня ведаюць шляху ГОСПАДА, суду Бога свайго
Дык Я пайду да людзей вялікіх і прамоўлю да іх, бо яны ведаюць шлях ГОСПАДА, суд Бога свайго”. Але яны таксама паламалі ярмо і парвалі путы.
Дзеля гэтага зьнішчыць іх леў з лесу і воўк стэповы выгубіць іх, пантэра будзе цікаваць каля гарадоў іхніх, кожны, хто выйдзе з іх, будзе разарваны, бо шматлікія грахі іхнія, пашырыліся адступніцтвы іхнія.
Навошта Я маю быць да цябе літасьцівы? Сыны твае пакінулі Мяне і прысягалі на тых, якія ня богі. І Я насыціў іх, а яны чужаложылі і зьбіраліся ў доме чужаложніцы.
Яны сталіся як коні незацугляныя, кожны іржэ да жонкі бліжняга свайго.
Ці ж Я за гэта ня буду караць, кажа ГОСПАД, і ці народу такому не адпомсьціць душа Мая?
10  Узыйдзіце на муры ягоныя і разбурайце іх, але поўнага зьнішчэньня не рабіце, зьнішчыце падпоры ягоныя, бо яны не для ГОСПАДА.
11  Бо здраджваючы, здрадзіў Мне дом Ізраіля і дом Юды, кажа ГОСПАД.
12  Яны выракліся ГОСПАДА і казалі: “Няма Яго. Ня прыйдзе на нас ліха, мы ня ўбачым ані мяча, ані голаду”.
13  Прарокі будуць як вецер, і ня будзе ў іх слова. І гэтак ім станецца.
14  Таму гэта кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў. За тое, што вы гаварылі слова гэтае, вось, Я зраблю словы Мае ў вуснах тваіх агнём, а народ гэты — дровамі, і [агонь] зжарэ іх.
15  Вось, Я навяду на вас, дом Ізраіля, народ здалёк, кажа ГОС­ПАД, народ дужы, народ старадаўні, народ, мовы якога ты ня ведаеш, і не разумееш, што ён гаворыць.
16  Сагайдак ягоны — быццам труна адкрытая; усе яны — волаты.
17  І зьесьць ён жніво тваё і хлеб твой, зьесьць сыноў тваіх і дочак тваіх, зьесьць авечак тваіх і быдла тваё, зьесьць вінаграднікі твае і дрэвы фігавыя твае, зьнішчыць мячом умацаваныя гарады твае, на якія ты спадзяваўся.
18  Але ў тыя дні, кажа ГОСПАД, Я не зраблю, [што будзе] вам канец.
19  І станецца, калі скажуць: “За што зрабіў нам усё гэта ГОСПАД, Бог наш?”, ты скажаш ім: “Як вы пакінулі Мяне і служылі багам чужым у зямлі сваёй, так будзеце служыць чужынцам у зямлі ня вашай”
20  Паведамце пра гэта дому Якуба, і абвясьціце гэта ў Юдзе, кажучы:
21  “Паслухай гэта, прашу, народ бяз розуму і бяз сэрца, які мае вочы, і ня бачыць, мае вушы, і ня чуе.
22  Вы не баіцёся Мяне, кажа ГОСПАД, не трымціце перад абліччам Маім. Я паставіў пясок мяжой для мора як мяжу вечную, якую яно не пераступіць; хоць паўстануць [хвалі], але ня змогуць, і будуць шалець хвалі, але не перакрочаць [мяжы].
23  А ў гэтага народу сэрца ўпартае і бунтаўнічае; яны адступіліся і адыйшлі,
24  і не сказалі ў сэрцы сваім: “Мы будзем баяцца ГОСПАДА, Бога нашага, Які дае нам дождж у свой час, дождж раньні і позьні, Які захоўвае для нас вызначаныя тыдні жніва”.
25  Беззаконьне вашае ўхіліла гэта, і грахі вашыя стрымалі даброцьці гэтыя,
26  бо знайшліся ў народзе Маім бязбожнікі, якія цікуюць як птушкаловы, стаўляюць пасткі, ловяць людзей.
27  Як клетка поўная птушак, так дамы іхнія поўныя падману, і такім чынам яны становяцца слаўнымі і багатымі,
28  сытымі і гладкімі, і перакрочваюць усякую меру зла. Яны ня судзяць справядліва справу сіраты, і маюць посьпех, і судовую [справу] ўбогіх не разглядаюць.
29  Ці ж за гэта Я ня буду караць іх, кажа ГОСПАД, і ці ж народу такому не адпомсьціць душа Мая?
30  Дзіўнае і жудаснае дзеецца ў зямлі гэтай:
31  прарокі прарочаць ілжыва, сьвятары навучаюць як хочуць, і народ Мой любіць гэта. Але што вы будзеце рабіць, калі [прыйдзе] гэтаму канец?”