Ёў 3
Пасьля гэтага Ёў расчыніў вусны свае і наракаў на дзень свой.
І адказаў Ёў, і сказаў:
«Няхай прападзе дзень, у які я нарадзіўся, і ноч, у якую было сказана: “Зачаты хлопец”.
Няхай дзень той пераменіцца ў цемру; няхай ня рупіцца пра яго Бог з вышыні, і няхай ня будзе ён асьветлены сьвятлом.
Няхай зацемняць яго цемра і цень сьмерці, няхай схавае яго змрок, і няхай напоўніцца ён хмарамі.
Няхай ноч тую агарне цемра, няхай ня будзе яна ўлічана ў днях году, і няхай ня ўзгадваецца ў ліку месяцаў.
Няхай тая ноч будзе бясплодная, і няхай радасьць да яе не завітае.
Няхай праклінаюць яе тыя, што дзень праклінаюць, што гатовыя абудзіць Левіятана.
Няхай сьцямнеюць зоркі сьвітаньня ейнага, каб чакала сьвятла і не дачакалася, і няхай ня ўбачыць яна зараніцы новага дня,
10  бо яна не зачыніла ўлоньня, якое нарадзіла мяне, і не ўхіліла гора з вачэй маіх.
11  Чаму яшчэ ненароджаным, я не памёр? Чаму народжаны, не памёр раптам?
12  Навошта я быў прыняты каленямі? І навошта быў кормлены грудзьмі?
13  І цяпер спаў бы я моўчкі, і адпачываў бы ў-ва сьне сваім
14  з валадарамі і радцамі зямлі, якія пабудавалі сабе дамы магілы,
15  і з князямі, якія багатыя золатам і якія срэбрам вылажылі дамы свае.
16  І як спарон схаваны быў бы я, або як немаўля, што ня бачыла сьвятла.
17  Там злачынцы больш не шалеюць, а змораныя працай там адпачываюць.
18  Там усе вязьні жывуць бяз страху і ня чуюць крыку вартаўніка.
19  Там разам малы і вялікі, і слуга вольны ад пана свайго.
20  Навошта беднаму даецца сьвятло, і жыцьцё тым, што жывуць з горыччу душы,
21  якія чакаюць сьмерці і не дачакаюцца, і шукаюць яе больш, чым скарб,
22  і вельмі радуюцца і цешацца, калі знойдуць.
23  Якая радасьць чалавеку, перад якім шлях закрыты і якога Бог атачае цемраю?
24  Уздыханьні мае апярэджваюць хлеб мой, і скаргі мае ільюцца як вада.
25  Бо страх, якога я баяўся, прыйшоў да мяне, і тое, перад чым я дрыжэў, напаткала мяне.
26  Не супакойваўся я, не маўчаў і не адпачываў, але прыйшло да мяне няшчасьце».