Ёў 28
Сапраўды, срэбра мае пачаткі жылаў, і ёсьць месца для золата, дзе яго ачышчаюць.
Жалеза здабываецца з парахна, і з каменя топіцца медзь.
[Чалавек] паставіў мяжу цемры, і дасьледуе ўсё да краю, і [шукае] камяні ў цемры і ценю сьмерці.
Капаюць капальні там, дзе не хадзілі ногі, зыходзяць у глыбіню, вісяць і хістаюцца далёка ад людзей.
Зямля, з якой хлеб вырастае, у глыбіні перавернута, як агнём.
Камяні ейныя — месца шафіра, і пясок золата ў ёй.
Драпежная птушка ня ведае сьцежкі [туды], і ня бачыць яе вока арла.
Не тапталі яе сыны пыхлівасьці, і не праходзіў па ёй леў.
Выцягвае [чалавек] руку сваю на крэмень, і пераварочвае горы да падножжа.
10  У скалах высякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае.
11  І спыняе ён цячэньне рэк, і скарбы выдабывае на сьвятло.
12  Але дзе знаходзіцца мудрасьць, і дзе месца розуму?
13  Чалавек ня ведае туды дарогі і не знаходзіць яе на зямлі жывых.
14  Бездань кажа: “Няма яе ў-ва мне”, і мора кажа: “Няма яе ў-ва мне”.
15  Не даецца яна за золата і не здабываецца яна за вагу срэбра.
16  Ня плаціцца за яе ані золатам Афіру, ані каштоўным оніксам або шафірам.
17  Не раўняецца да яе золата і шкло, не замяніць яе на посуд залаты.
18  Каралі і крышталь ня ўзгад­ваюцца [пры ёй]; цана мудрасьці — большая за пэрлы.
19  Ня варты яе тапаз з Кушу, і золатам чыстым не ацэніш яе.
20  Адкуль паходзіць мудрасьць, і дзе месца розуму?
21  Схаваная яна ад вачэй усіх жывых, птушкам нябесным невядомая.
22  Абадон і сьмерць кажуць: “Вушамі нашымі мы чулі пра славу яе”.
23  Бог разумее шлях яе, і Ён ведае месца ейнае.
24  Бо Ён разглядае краі зямлі, і бачыць усё, што пад небам.
25  Калі даваў Ён сілу ветру і ўсталёўваў водам берагі,
26  калі даваў закон дажджам, і шлях грымоту і маланцы,
27  тады бачыў Ён яе, і выявіў, і ўмацаваў яе, і дасьледаваў яе.
28  І сказаў Ён чалавеку: “Страх перад Госпадам — гэта мудрасьць; а пазьбягаць зла — розум”».