Ёў 41
Вось, спадзяваньне тваё фальшывае. На выгляд ягоны ты ўпадзеш.
Няма сьмелых, каб будзіць яго. А хто тады можа стаць перад абліччам Маім?
Хто стане перада Мною, і застанецца цэлым? Пад усім небам ён — Мой.
Ня буду маўчаць пра часткі цела яго, пра сілу і прыгажосьць іхнюю.
Хто можа адкрыць аблічча адзеньня ягонага, і хто падыйдзе да падвойных сківіцаў ягоных?
Хто можа адкрыць браму аблічча ягонага? Навокал зубоў ягоных жах!
Сьпіна ягоная — як моцныя шчыты, скрэпленыя краменнай пячаткай.
Адзін з адным злучаныя, нават паветра праз іх ня пройдзе.
Адзін да аднаго шчыльна прылягае, і трымаюцца моцна, і нельга разьдзяліць іх.
10  Чханьне ягонае бліскае сьвятлом, а вочы ягоныя — як павекі зараніцы.
11  З пашчы ягонай выходзіць полымя, выскокваюць іскры агністыя.
12  З ноздраў ягоных выходзіць дым, як з гаршчка нагрэтага, што кіпіць.
13  Подых ягоны распальвае вуглі, і з пашчы ягонай выходзіць полымя.
14  У шыі ягонай начуе сіла, і перад ім жах уцякае.
15  Мяса нутра ягонага сьціснутае, цьвёрдае, не здрыганецца.
16  Сэрца ягонае цьвёрдае, як камень, цьвёрдае, як ніжні камень млынавы.
17  Калі ён устае, дрыжаць асілкі, і хаваюцца ад жаху.
18  Меч, які кранецца яго, не ўстаіць, ані дзіда, ані страла, ані рагаціна.
19  Жалеза лічыць ён за салому, а медзь — за дрэва гнілое.
20  Не палохае яго сын луку, і камень з пушчалкі яму як сена.
21  Доўбня яму як сьцяблінка, і сьмяецца ён з дзіды, што ляціць.
22  Пад ім вострыя камяні, і ён на вострых камянях ляжыць як у балоце.
23  Ён глыбіню водаў разаграе як кацёл, і мора ператварае ў кіпень.
24  За сабой пакідае сьветлую сьцежку, і бездань падаецца сівізною.
25  Няма яму роўнага на зямлі, ён створаны бясстрашным.
26  На ўсё магутнае ён глядзіць з вышыні, ён — валадар над усімі сынамі пыхлівасьці».