Ег 13
Калі Егошуа састарэў і меў шмат дзён, сказаў яму ГОСПАД: «Ты састарэў і маеш шмат дзён, але яшчэ вельмі шмат зямлі застаецца незанятай.
Вось гэтая зямля, якая засталася: усе акругі Філістынцаў і ўвесь Гешур,
ад Шыхору, на ўсход ад Эгіпту аж да мяжы Экрону на поўначы, зямля Ханаан, якая дзеліцца паміж пяцьцю князямі Філістынскімі з Газы, Ашдоду, Ашкелёну, Гату і Экрону, і Авеямі на поўдні;
уся зямля Хананейцаў ад Мэары Сідонскай аж да Афэку і мяжы Амарэйцаў.
І зямля Гіблі і ўвесь Лібан на ўсходзе ад Баал-Гаду, што каля падножжа гары Гермон, аж да ўваходу ў Хамат.
Усіх, што жывуць у гарадах ад Лібану аж да Місрэфот-Маіму на захад, усіх Сідонцаў Я выганю перад абліччам сыноў Ізраіля. Толькі жэрабям па­дзялі зямлю ў спадчыну між сынамі Ізраіля, як Я загадаў табе.
І цяпер падзялі зямлю гэтую ў спадчыну дзевяці каленам і палове калена Манасы».
А [сыны] Рубэна і Гада, і [палова Манасы] атрымалі спадчыну сваю ад Майсея на ўсхо­дзе за Ярданам, як даў ім Майсей, слуга ГОСПАДА,
ад Араэру, які на беразе ручая Арнон, і гораду, які ў сярэдзіне даліны, і ўсю раўніну ад Мэдэвы да Дыбону,
10  і ўсе гарады Сыгона, валадара Амарэйскага, які валадарыў у Хешбоне, аж да мяжы сыноў Амона,
11  і Гілеад, і мяжу з Гешурам і Маахай, і ўсю гару Гермон, і ўвесь Башан аж да Салхі,
12  усё валадарства Ога, які валадарыў у Аштароце і Эдрэі, які быў апошнім з Рэфаімаў, а Майсей пабіў іх і выгнаў.
13  Але сыны Ізраіля ня выгналі [сыноў] Гешура і Мааха, і жывуць яны сярод Ізраіля да сёньняшняга дня.
14  Толькі калену Левія ня дадзена спадчыны. Ахвяры агнявыя ГОСПАДУ, Богу Ізраіля — гэта спадчына ягоная, як прамовіў да яго [Госпад].
15  І Майсей даў пакаленьню сыноў Рубэна частку паводле сем'яў іхніх.
16  Атрымалі яны абшар ад Араэру на беразе ручая Арнон, і горад у сярэдзіне даліны, і ўвесь абшар аж да Мэдэбы,
17  Хешбон і ўсе гарады ягоныя, якія на раўніне: Дыбон, Бамот-Баал, Бэт-Баал-Мэон,
18  Ягцу, Кедэмот і Мэфаат,
19  Кірыятаім, Сібму і Цэрэт-Гешшахар на гары, [якая] на раўніне,
20  Бэт-Пэор і схілы Пісгі, і Бэт-Гаешымот,
21  і ўсе гарады на раўніне, і ўсё валадарства Сыгона, валадара Амарэйскага, які валадарыў у Хешбоне, якога забіў Майсей, яго і начальнікаў Мадыянскіх: Эвія, Рэкема, Цура, Хура, Рэву, князёў Сыгона, якія жылі ў той зямлі.
22  І варажбіта Білеама, сына Бэора, забілі сыны Ізраіля мячом разам з іншымі забітымі.
23  Мяжой абшару сыноў Рубэна быў Ярдан. Гэта спадчына сыноў Рубэна паводле сем'яў іхніх, гарады і вёскі іхнія.
24  І даў Майсей [зямлю] пакаленьню сыноў Гада паводле сем'яў іхніх.
25  Яны атрымалі абшар: Язэр, і ўсе гарады Гілеаду, і палову зямлі сыноў Амона аж да Араэру, насупраць Раббы,
26  і ад Хешбону да Рама-Міцпы і Бэтаніму і ад Маханаіму да мяжы Лё-Дэбару,
27  а ў даліне — Бэтгарам, Бэтнімру, Суккот і Цафон, рэшту валадарства Сыгона, валадара Хешбону, Ярдан і ваколіцы ягоныя аж да мора Кінэрэт за Ярданам на ўсход.
28  Гэта спадчына сыноў Гада паводле сем'яў іхніх, гарады і вёскі іхнія.
29  І даў Майсей [зямлю] палове калена Манасы паводле сем'яў іхніх.
30  І яны атрымалі абшар ад Маханаіму, увесь Башан, усё валадарства Ога, валадара Башану, усе паселішчы Яіра, якія ў Башане, шэсьцьдзясят гарадоў.
31  А палову Гілеаду, Аштарот і Эдрэю, гарады валадарства Ога ў Башане, [атрымалі] сыны Махіра, сына Манасы, палова сыноў Махіра паводле сем'яў сваіх.
32  Гэтую спадчыну падзяліў Майсей на раўнінах Мааву за Ярданам насупраць Ерыхону, на ўсход ад Ерыхону.
33  А калену Левія ня даў спадчыны Майсей, бо ГОСПАД, Бог Ізраіля, Ён — спадчына іхняя, як Ён прамовіў да іх.