Ляв 15
І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:
«Аб’явіце сынам Ізраіля і скажыце ім: “Мужчына, які мае выцёкі з цела свайго, нячысты.
Нячыстасьць яго ў выцёках ягоных, калі цела ягонае дапускае выцёк, ці калі затрымоўваецца выцёк у целе; гэта нячыстасьць ягоная.
Кожны ложак, на якім ляжаў той, хто мае выцёкі, бу­дзе нячысты, а таксама ўсякая рэч, на якой ён сядзеў.
Кожны, хто дакранецца ложка ягонага, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў ва­дзе, і будзе нячысты да вечара.
Той, хто сеў на рэчы, на якіх сядзеў той, хто мае выцёкі, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
Той, хто дакранецца цела чалавека, які мае выцёкі, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
Калі той, хто мае выцёкі, плюне на [чалавека] чыстага, той няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
Кожнае сядло, на якім сядзеў [чалавек], што мае выцёкі, будзе нячыстае.
10  Кожны, хто дакранецца чаго-колечы, што той, хто мае выцёкі, меў пад сабою, будзе нячысты аж да вечара. Кожны, хто пераносіць такія рэчы, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
11  Кожны, да каго дакранецца той, хто мае выцёкі, не памыўшы перш рукі ў вадзе, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
12  Кожны посуд гліняны, да якога дакранаецца той, хто мае выцёкі, няхай будзе пабіты, а кожны посуд драўляны няхай будзе вымыты ў вадзе.
13  Калі той, хто мае выцёкі, паздаравее ад выцёкаў, тады няхай адлічыць сем дзён на ачышчэньне сваё, і, памыўшы адзеньне сваё і цела сваё ў жывой вадзе, будзе чысты.
14  У восьмы дзень возьме дзьвюх туркавак або двух маладых галубоў, і пойдзе перад аблічча ГОСПАДА да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і аддасьць іх сьвятару.
15  Сьвятар складзе іх у ахвяру: аднаго — у ахвяру за грэх, другога — у ахвяру цэласпаленьня, і перапросіць за яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА за выцёкі ягоныя.
16  Калі ў каго выльецца насеньне, няхай ён абмые вадою ўсё цела сваё, і будзе нячысты да вечара.
17  І ўсякае адзеньне, і ўсякую скуру, на якую выльецца насеньне, трэба вымыць вадою, і яны будуць нячыстыя да вечара.
18  Калі мужчына ляжа з жанчынаю, і ў яго выльецца насень­не, няхай абодва абмыюцца ў вадзе, і будуць нячыс­тыя да вечара.
19  Калі жанчына мае цячэньне крыві з цела свайго, і гэта ме­сячніца, яна сем дзён будзе ў ня­чыстасьці сваёй. Кожны, хто яе дакранецца, будзе нячысты да вечара,
20  і ўсё, на чым яна ляжала або сядзела ў дні нячыстасьці сваёй, будзе нячыстым.
21  Хто дакранецца ложка ейнага, няхай памые адзеньне сваё і вымыецца ў вадзе, і бу­дзе нячысты да вечара.
22  Кожны, хто дакранецца рэчаў, на якіх яна сядзела, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
23  Калі хто дакранецца таго, што ляжала на ложку яе, або на рэчах, на якіх яна ся­дзела, будзе нячысты да вечара.
24  Калі мужчына ляжа тады з ёю, нячыстасьць ейная будзе на ім, і ён будзе нячысты сем дзён. Кожны ложак, на які ён ляжа, будзе нячысты.
25  Калі жанчына церпіць цячэньне крыві многія дні і ня ў час месячніцы, або калі пасьля месячніцы кроў не спыняецца, яна нячыстая ўсе гэтыя дні; як доўга будзе мець нячыс­тасьць сваю, будзе нячыстая.
26  Кожны ложак, на якім бу­дзе ляжаць яна падчас цячэньня крыві сваёй, і рэчы, на якіх будзе сядзець, будуць нячыс­ты­мі, як нячыстыя падчас месячніцы яе.
27  Хто дакранецца іх, бу­дзе ня­чысты, няхай памые адзе­нь­не сваё ў вадзе, і вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
28  Калі кроў спыніцца цячы, няхай яна адлічыць сем дзён, і потым будзе чыстая.
29  У восьмы дзень возьме яна за сябе дзьвюх туркавак або двух маладых галубоў і прынясе сьвятару да ўваходу ў Намёт Спатканьня.
30  Сьвятар складзе аднаго ў ахвяру за грэх, а другога — на цэласпаленьне, і перапро­сіць за яе сьвятар перад абліччам ГОСПАДА за цячэньне нячыстасьці яе.
31  Аддзяляйце сыноў Ізраіля ад нячыстасьці іхняй, каб яны не памерлі ў нячыстасьці сваёй, паганячы Сялібу Маю, якая ёсьць сярод іх.
32  Гэта закон адносна таго, хто мае выцёкі насеньня і стаецца нячыстым,
33  і адносна жанчыны, якая мае месячніцу, і адносна муж­чы­ны і жанчыны, якія ма­юць выцёкі, і адносна мужчы­ны, які ляжа з жанчынай нячыстай”».