Ляв 19
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
«Прамоў да ўсёй грамады сыноў Ізраіля і скажы ім: “Будзьце сьвятымі, бо сьвяты Я, ГОСПАД, Бог ваш.
Няхай кожны баіцца маці сваю і бацьку свайго. І захоўвайце суботы Мае. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
Не зьвяртайцеся да ідалаў і не вылівайце сабе багоў з мэталю. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
Калі будзеце складаць ГОСПАДУ ахвяру мірную, складайце так, каб была яна Яму прыемнай.
Будзеце есьці яе ў сам дзень ахвяры вашай і ў наступны дзень. Тое, што застанецца на трэці дзень, будзе спалена агнём.
Калі хто гэта будзе есьці на трэці дзень, паганым гэта будзе і ня будзе прыемным [Госпаду].
Хто будзе яе есьці, учыніць беззаконьне, бо спаганіў сьвятасьць ГОСПАДА, і зьнішчана будзе душа тая спасярод народу свайго.
Калі будзеце жаць збожжа зямлі вашай, не выжынай аж да канца поля і не зьбірай каласоў, што засталіся.
10  Не абірай вінаградніка твайго да рэшты і ягадаў, што пападалі ў вінаградніку, не падбірай; пакінь гэта бедным і прыхадням. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
11  Не крадзіце, і не хлусіце, і не ашуквайце адзін аднаго.
12  Не прысягайце на імя Маё дзеля хлусьні, і не зьневажай імя Бога твайго. Я — ГОСПАД!
13  Не прыгнятай бліжняга твайго і ня крыўдзі яго. І няхай не застаецца ў цябе плата найміта аж да раніцы.
14  Не праклінай глухога і перад сьляпым не кладзі перашкоды, але бойся Бога твайго. Я — ГОСПАД!
15  Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе. Не пагарджай бедным і не патурай багатаму. Праведна судзі бліжняга твайго.
16  Ня будзь паклёпнікам у народзе сваім. Не цікуй на кроў бліжняга твайго. Я — ГОСПАД!
17  Ня мей у сэрцы тваім нянавісьці да брата твайго. Дакараючы, дакарай бліжняга твайго, і ня будзеш мець грэху з прычыны яго.
18  Ня помсьці і не насі крыўду на сыноў народу твайго. Любі бліжняга твайго як самога сябе. Я — ГОСПАД!
19  Захоўвай пастановы Мае. Жывёлы тваёй не лучы з жывёлай другой пароды; поля твайго не засявай двума гатункамі [насеньня]. Не апранай адзеньня з двух матэрыялаў.
20  Калі хто ўвойдзе да жанчы­ны, выліваючы насеньне, а яна ёсьць нявольніцай, прызначанай для [іншага] мужа, але яшчэ ня выкуплена і не надзелена свабодай, абодва будуць пакараныя, але не карай сьмерцю, бо не была яна свабоднай.
21  І ён складзе ахвяру аднагараджэньня ГОСПАДУ каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, барана ў ахвяру аднагараджэньня.
22  І перапросіць за яго сьвятар бараном ахвяры аднагараджэньня за грэх ягоны, якім саграшыў перад абліччам ГОСПАДА, і будзе адпушчаны яму грэх, якім саграшыў.
23  Калі прыйдзеце вы ў зямлю і пасадзіце дрэвы пладовыя ўсякіх гатункаў, будзеце ўважаць плады іхнія за неабрэзаныя; тры гады будуць яны для вас неабрэзаныя, і нельга іх есьці.
24  У чацьвёртым годзе ўсе плады іхнія будуць пасьвячоныя як дар для ГОСПАДА.
25  А ў пяты год будзеце есьці плады іхнія, каб павялічыўся для вас ураджай з іх. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
26  Ня ешце нічога з крывёй. Не варажыце і не займайцеся чараваньнем.
27  Не стрыжы валасоў кругом галавы, і не калеч край барады сваёй.
28  Не рабіце нарэзы на целе вашым [на знак жалобы] па памерлых і не наколвайце надпісы на скуры. Я — ГОСПАД!
29  Не выдавай на ганьбу дачку тваю, робячы з яе распусьніцу, каб не апаганілася зямля і не напоўнілася распустай.
30  Захоўвайце суботы Мае і шануйце сьвятыню Маю. Я — ГОСПАД!
31  Не зьвяртайцеся ані да тых, што выклікаюць духаў [памерлых], ані да варажбітоў, каб у іх раіцца, каб праз іх не апаганіліся. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
32  Перад сівой галавой устань, і шануй аблічча старога, і бойся Бога твайго. Я — ГОСПАД.
33  Калі ў зямлі вашай паселіцца прыхадзень, ня крыўдзі яго,
34  але няхай будзе ён пасярод вас як тутэйшы, і любі яго як самога сябе, бо і вы былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
35  Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе, у меры, у вазе і ў вымярэньнях.
36  Няхай будуць у вас вагі праведныя, эфа праведная і гін праведны. Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай.
37  І вы будзеце захоўваць усе пастановы Мае і ўсе пысуды Мае, і выконваць іх. Я — ГОСПАД”».