Ляв 24
1  І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
2  «Загадай сынам Ізраіля, каб прынесьлі табе для сьвечніка найчысьцейшага алею, выціснутага з алівак, празрыстага, каб гарэлі лямпы [сьвечніка] заўсёды.
3  Прыгатуе яго Аарон за заслонай сьведчаньня ў Намёце Спатканьня, каб заўсёды ад вечара аж да раніцы гарэў перад абліччам ГОСПАДА. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых.
4  Прыгатуе ён тыя лямпы на чыстым сьвечніку, каб гарэлі заўсёды перад абліччам ГОСПАДА.
5  Вазьмі таксама мукі і сьпячы з яе дванаццаць боханаў [хлеба]; у кожным бохане павінна быць дзьве дзясятых эфы.
6  І пакладзеш іх у два шэрагі, па шэсьць у кожным шэрагу, на чыстым стале перад абліччам ГОСПАДА,
7  і пакладзеш на кожны шэраг найчысьцейшага кадзіла; гэта будзе памятная частка хлеба, ахвяра агнявая для ГОСПАДА.
8  У кожную суботу заўсёды будуць класьці іх перад абліччам ГОСПАДА як дар ад сыноў Ізраіля, як запавет вечны.
9  Яны належаць Аарону і сынам ягоным, каб спажывалі іх у месцы сьвятым, бо гэта сьвятое сьвятых, гэта [належыць] яму спаміж ахвяраў агнявых для ГОСПАДА. Гэта пастанова вечная».
10  І выйшаў спаміж сыноў Ізраіля сын адной Ізраільцянкі, народжаны ад Эгіпцяніна. І ён пасварыўся ў табары з адным Ізраільцянінам,
11  і сын Ізраільцянкі блюзьніў супраць імя [Госпада], і кляў Яго. І прывялі яго да Майсея. Імя маці ягонай — Шэляміт, дачка Дыбры, з калена Дана.
12  Аддалі яго пад варту, пакуль ня высьветліцца, што [прамовяць] вусны ГОСПАДА.
13  І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
14  «Выведзі блюзьнерцу па-за табар, і ўсе, хто яго чуў, паложаць рукі свае на галаву ягоную, і ўся грамада ўкамянуе яго.
15  А да сыноў Ізраіля прамоў, кажучы: “Чалавек, які бу­дзе клясьці Бога свайго, панясе грэх свой.
16  І хто зблюзьніць супраць імя ГОСПАДА, сьмерцю памрэ. Уся грамада, камянуючы, укамянуе яго, ці ён будзе пры­ха­дзень, ці тутэйшы. Хто блюзьніць на імя ГОСПАДА, той сьмерцю памрэ.
17  Хто ўдарыць і заб’е душу чалавечую, сьмерцю памрэ.
18  Хто заб’е жывёлу, будзе абавязаны да звароту: жывёлу за жывёлу.
19  Калі хто скалечыць бліжняга свайго, як ён зрабіў, так і яму зробяць.
20  Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб. У які спосаб ён скалечыў, такім чынам і ён будзе скалечаны.
21  Хто заб’е жывёлу, аддасьць іншую [жывёлу]; хто заб’е чалавека, сьмерцю памрэ.
22  Роўны суд няхай будзе ў вас, ці для прыхадня, ці для тутэйшага. Бо Я — ГОСПАД, Бог ваш!”»
23  І прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля, і вывелі блюзьнерцу па-за табар і ўкаменавалі яго камянямі. І сыны Ізраіля зрабілі так, як загадаў ГОСПАД Майсею.