Лікі 11
І сталася, што народ наракаў, і кепска [гэта было] ў вушах ГОСПАДА. І пачуў гэта ГОСПАД, і разгневаўся, і ўзгарэўся на іх агонь ГОСПАДА, і зьнішчыў крайнюю частку табара.
І народ стаў клікаць Майсея, і Майсей маліў ГОСПАДА, і агонь спыніўся.
І назвалі тое месца Табэра, бо [там] узгарэўся супраць іх агонь ГОСПАДА.
Іншапляменьнікі, якія [былі] паміж імі, зажадалі пажаданьнем і [захацелі] вярнуцца, і разам з імі сыны Ізраіля плакалі і казалі: «Хто дасьць нам есьці мяса?
Мы памятаем, як у Эгіпце мы елі дарма рыбу, і агуркі, дыні, салат, цыбулю і часнык.
А цяпер душа нашая ссохла, нічога іншага ня бачаць вочы нашыя, апрача манны».
А манна была падобная да насеньня каляндры і мела выгляд як бдалах.
Людзі выходзілі і зьбіралі яе, і малолі ў жорнах або таўклі ў ступе і варылі ў гаршчках, і рабілі з яе аладкі; і смак іх быў падобны да аладак з алеем.
Калі ноччу раса ападала на табар, [адначасова] ападала і манна.
10  І пачуў Майсей, як народ плача сем’ямі сваімі, кожны каля ўваходу ў намёт свой. І вельмі ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА, і гэта кепскім [было] ў вачах Майсея.
11  І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «Чаму Ты мучыш слугу Твайго? Чаму не магу я знайсьці ласкі ў вачах Тваіх? Чаму Ты ўсклаў на мяне цяжар усяго народу гэтага?
12  Ці ж з мяне пачаўся ўвесь народ гэты, або я нарадзіў яго, што Ты кажаш мне: “Насі яго на ўлоньні тваім, як носіць карміцелька дзіцятка, і [занясі] ў зямлю, якую запрысяг бацькам іхнім”?
13  Адкуль у мяне мяса, каб даць усяму народу гэтаму? З плачам [наракаюць] на мяне, кажучы: “Дай нам мяса, каб мы наеліся!”
14  Не магу я сам насіць увесь народ гэты, бо ён зацяжкі для мяне.
15  Калі Ты такім чынам робіш са мною, прашу, забі мяне, калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, каб ня бачыў я няшчасьця майго!»
16  І сказаў ГОСПАД Майсею: «Скліч Мне семдзясят чалавек спасярод старшыняў Ізраіля, пра якіх ты ведаеш, што яны паважаныя ў народзе і наглядаюць за ім, і прывядзі іх у Намёт Спатканьня, і няхай там яны стануць разам з табою.
17  А Я зыйду і буду гава­рыць з табою, і вазьму з духа, які на табе, і дам ім, каб яны разам з табою насілі цяжар народу, а ня толькі ты насіў [цяжар гэты].
18  А народу скажы: “Ачысьціцеся назаўтра і будзеце есьці мяса, бо вы плакалі на вачах ГОСПАДА, кажучы: ‘Хто дасьць нам есьці мяса? Добра было нам у Эгіпце’. І дасьць вам ГОСПАД мяса, і будзеце есьці,
19  і не адзін дзень будзеце есьці, і ня два або пяць, або дзе­сяць, або дваццаць,
20  але ўвесь месяц, аж пакуль вам ня выйдзе [мяса] праз ноздры вашыя і не абрыдзіць вам, бо вы адвярнуліся ад ГОСПАДА, Які сярод вас, і наракалі перад абліччам Ягоным, кажучы: ‘Навошта выйшлі мы з Эгіпту?’ ”»
21  І сказаў Майсей: «Шэсьцьсот тысячаў пешых у народзе гэтым, пасярод якога я [жыву], а Ты кажаш: “Я дам ім мяса, і будуць есьці цэлы месяц”?
22  Ці ж [усе] авечкі і валы будуць забітыя для іх, каб ім хапіла? Або ці ўсе рыбы ў моры будуць сабраныя для іх, каб ім хапіла?»
23  І сказаў ГОСПАД Майсею: «Ці ж рука ГОСПАДА скарацілася? Цяпер убачыш, ці слова Маё споўніцца, ці не».
24  І выйшаў Майсей, і прамовіў да народу словы ГОСПАДА, і склікаў семдзясят старшыняў народу, і паставіў іх вакол Намёту.
25  І ГОСПАД зыйшоў у воблаку, і гаварыў з ім, і ўзяў з духа, які быў на [Майсею], і даў сямідзесяці старшыням. І сталася, што дух супачыў на іх, і яны прарочылі, і перасталі.
26  А два чалавекі засталіся ў табары, імя аднаго Эльдад, а другога — Мэдад. І на іх зыйшоў дух, бо былі яны пакліканыя, але не пайшлі ў Намёт. І яны прарочылі ў табары.
27  І прыбег юнак, і паведаміў Майсею, і сказаў: «Эльдад і Мэдад прарочаць у табары».
28  І адказаў Егошуа, сын Нуна, які ад юнацтва свайго быў на паслузе ў Майсея: «Гаспадару мой, Майсей, забарані ім!»
29  Але Майсей сказаў яму: «Ці не зайздросны ты замест мяне? Каб жа ўвесь народ так прарочыў, калі дасьць ім ГОСПАД Духа Свайго!»
30  І вярнуліся ў табар Майсей і старшыні Ізраіля.
31  І зыйшоў вецер ад ГОСПАДА, і прынёс ад мора перапёлак, і кінуў іх на табар з абодвух бакоў на дзень дарогі, і пакрылі яны аблічча зямлю на два локці [вышыні].
32  І ўстаў народ, і ўвесь той дзень і ўсю ноч, і ўвесь наступны дзень зьбіралі перапёлак; хто мала сабраў, прынёс ня менш дзесяці гомараў; і разлажылі іх навакол табару.
33  Яшчэ мяса было ў зубах іхніх і не было яшчэ зьедзена, калі ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць народу і ўдарыў ГОСПАД народ плягаю вельмі вялікай.
34  І назвалі імя таго месца Кіброт-Гатава, бо там пахавалі прагавіты народ.
35  З Кіброт-Гатавы выйшаў народ у Хацэрот і былі там.