Лікі 16
І ўзяліся Карах, сын Іцгара, сына Кегата, сына Левія, і Датан і Абірам, сыны Эліява, і Он, сын Пэлета, з сыноў Рубэна,
і паўсталі перад абліччам Майсея, і [з імі] мужы з сыноў Ізраіля, дзьвесьце пяцьдзясят [чалавек], начальнікі грамады, прадстаўнікі народу, лю­дзі слаўныя.
І выступілі яны супраць Майсея і супраць Аарона, і сказалі ім: «Досыць вам, бо ўся грамада, усе — сьвятыя, і пасярод іх ёсьць ГОСПАД. Дык чаму вы ставіце сябе вышэй царквы ГОСПАДА?»
І пачуў [гэта] Майсей, і ўпаў на аблічча сваё.
І прамовіў да Караха і да ўсёй грамады, кажучы: «Заўтра пакажа ГОСПАД, хто да Яго [належыць], і хто сьвяты, і каго наблізіць да Сябе; і каго Ён выбраў, таго Ён наблізіць да Сябе.
Вось што зрабіце. Няхай Карах і ўся грамада ягоная возьмуць кадзільніцы свае,
і няхай у іх укладуць агонь, і заўтра пакладуць у іх кадзіла перад абліччам ГОСПАДА, і каго выбярэ ГОСПАД, той сьвяты. Досыць вам, сыны Левія».
І сказаў Майсей Караху: «Слухайце, сыны Левія!
Ці мала вам, што Бог Ізраіля аддзяліў вас ад грамады Ізраіля, і выбраў вас Сабе, каб вы служылі Яму ў Сялібе ГОСПАДА, і каб стаялі перад абліччам грамады, паслугуючы [Госпаду]?
10  І Ён даў наблізіцца да Сябе табе і ўсім братам тваім, сынам Левія. А вы дамагаецеся яшчэ сьвятарства?
11  Навошта ты і ўся грамада твая злучыліся супраць ГОСПАДА? Хто такі Аарон, што вы наракаеце супраць яго?»
12  І паслаў Майсей паклікаць Датана і Абірама, сыноў Эліява, але яны сказалі: «Ня пойдзем!
13  Ці мала табе, што ты вывеў нас з зямлі, якая ацякае малаком і мёдам, каб выгубіць нас у пустыні, і яшчэ хочаш панаваць над намі?
14  Але ж ты ня ўвёў нас у зямлю, якая ацякае малаком і мёдам, і ня даў нам на ўласнасьць палёў і вінаграднікаў! Хочаш вочы людзей засьляпіць? Ня пойдзем!»
15  І надта разгневаўся Майсей, і сказаў ГОСПАДУ: «Не прыймай ахвяры іхняй! У ніводнага з іх я ня ўзяў нават асла, і нікога з іх я не пакрыўдзіў».
16  І сказаў Майсей Караху: «Заўтра ты і ўся грамада твая няхай стане перад абліччам ГОСПАДА, ты з імі, і Аарон асобна.
17  І няхай возьме кожны ка­дзільніцу сваю і пакладзе ў іх кадзіла, і прынясе перад аблічча ГОСПАДА кожны кадзільніцу сваю, дзьвесьце пяцьдзясят кадзільніцаў; і ты, і Аарон кожны кадзільніцу сваю».
18  І кожны ўзяў кадзільніцу сваю, уклаў у яе агонь, і насыпаў кадзіла, і сталі яны каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, [сталі] таксама Майсей і Аарон.
19  І сабраў Карах суп­раць іх усю грамаду каля ўваходу ў Намёт Спатканьня. І зьявілася ўсёй грамадзе слава ГОСПАДА.
20  І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:
21  «Адлучыцеся ад грамады гэтай, Я іх зьнішчу ў момант».
22  І яны ўпалі на абліччы свае, і сказалі: «Божа, Божа, Які [даеш] дух усякаму целу, ці будзеш гневацца на ўсю грамаду, калі [толькі] адзін чалавек саграшыў?»
23  І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
24  «Прамоў да грамады, кажучы: “Адыйдзіце ад жытлаў Караха, Датана і Абірама”».
25  І ўстаў Майсей, і пайшоў да Датана і Абірама, і старшыні Ізраіля пайшлі за ім.
26  І прамовіў ён да грамады, кажучы: «Адыйдзіце ад намётаў гэтых бязбожных людзей! І не дакранайцеся нічога, што да іх [належыць], каб вы не пагінулі праз усе грахі іхнія!»
27  І адыйшліся [ўсе] ад сялібаў Караха, Датана і Абірама. А Датан і Абірам выйшлі і сталі перад уваходам у намёты свае разам з жонкамі сваімі, сынамі і малымі дзецьмі.
28  І сказаў Майсей: «З гэтага даведаецеся, што ГОСПАД паслаў мяне, каб чыніў усе гэтыя справы і што гэта не з майго сэрца [выйшла].
29  Калі гэтыя людзі памруць, як усе людзі паміраюць, і калі лёс іхні будзе такі, які і ў кожнага чалавека, ГОСПАД не паслаў мяне.
30  А калі ГОСПАД ство­рыць незвычайнае, і зямля разявіць пашчу сваю, і праглыне іх і ўсё, што да іх [належыць], і жывыя трапяць яны ў адхлань, ведайце, што яны зьневажалі ГОСПАДА».
31  І сталася, калі ён скончыў прамаўляць слова, расчынілася зямля пад нагамі іхнімі,
32  і разявіла зямля пашчу сваю, і праглынула іх, і дамы іхнія, і ўсіх людзей, якія з Карахам, і ўсю маёмасьць іхнюю.
33  І так жывыя трапілі яны і ўсё, што ў іх, у адхлань, і зямля накрыла іх, і [так] былі яны вынішчаныя спаміж царквы.
34  А ўсе Ізраільцяне, якія стаялі навокал, [пачуўшы]крык іхні, паўцякалі, кажучы: «Каб і нас зямля не праглынула».
35  І выйшаў агонь ад ГОСПАДА, і спаліў дзьвесьце пяцьдзясят чалавек, якія ахвяроўвалі кадзіла.
36  І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
37  «Скажы Элеазару, сыну Аарона сьвятара, каб сабраў з пажарышча кадзільніцы, а агонь з іх няхай выкіне далёка, бо яны асьвячоныя.
38  А з кадзільніцаў тых, якія саграшылі супраць душаў сваіх, няхай зробяць тонкія бляхі на пакрыцьцё ахвярніка, бо іх прынесьлі перад аблічча ГОСПАДА, і яны асьвячоныя, і будуць яны знакам для сыноў Ізраіля».
39  І ўзяў Элеазар сьвятар ка­дзільніцы мядзяныя, якія прынесьлі тыя, што былі спалены, і перарабілі іх [на бляху] на пакрыцьцё ахвярніка,
40  як напамін для сыноў Ізраіля, каб ніхто чужы, які не [належыць] да насеньня Ааро­на, не прыносіў кадзіла перад аб­лічча ГОСПАДА і ня стала­ся з ім тое, што з Карахам і супольнікамі ягонымі, як прамо­віў да яго ГОСПАД праз Майсея.
41  Назаўтра ўся грамада сыноў Ізраіля наракала на Майсея і Аарона, кажучы: «Вы забілі народ ГОСПАДАЎ».
42  І сталася, калі сабралася грамада супраць Майсея і Аарона, яны накіраваліся да Намёту Спатканьня. І вось, воблака ахутала [Намёт], і зьявілася слава ГОСПАДА.
43  І прыйшлі Майсей і Аарон перад Намёт Спатканьня.
44  І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
45  «Адыйдзіцеся ад грамады гэтай, і Я зьнішчу іх у момант». А яны ўпалі на абліччы свае.
46  І сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі кадзільніцу і ўлажы ў яе агонь з ахвярніка, улажы кадзіла, і пабяжы хутка да грамады, і перамольвай за яе, бо ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА і пачалася пляга».
47  І зрабіў Аарон, як сказаў Майсей, і прыбег да царквы, і вось, ужо пачалася пляга сярод народу. І ён палажыў кадзіла, і перамольваў за народ.
48  І ён стаў паміж памёршымі і жывымі, і пляга спынілася.
49  А тых, што згінула ад плягі гэтай, было чатырнаццаць тысячаў семсот, апрача памёршых з прычыны Караха.
50  І вярнуўся Аарон да Майсея да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і спынілася пляга.