Лікі 22
І выйшлі сыны Ізраіля, і сталі табарам на раўнінах Мааву на другім баку Ярдану, насупраць Ерыхону.
І ўбачыў Балак, сын Цыпора, усё, што зрабіў Ізраіль Амарэйцам.
І Мааў вельмі спалохаўся гэтага народу, бо ён быў шматлікі, і баяўся Мааў сыноў Ізраіля.
І сказаў Мааў старшыням Мадыяну: «Цяпер гэтая супольнасьць паесьць усё кругом, як вол саскубае траву на полі». У той час валадаром Мааву быў Балак, сын Цыпора.
І паслаў ён пасланцоў да Білеама, сына Бэора, у Пэтор, які над ракой зямлі сыноў народу ягонага, каб паклікаць яго, кажучы: «Вось, выйшаў народ з Эгіпту. Вось, ён пакрыў аблічча зямлі і пасяліўся насупраць мяне.
І цяпер прыйдзі, прашу, і пракляні мне народ гэты, бо ён дужэйшы за мяне. Можа, я здолею перамагчы яго і выгнаць з зямлі, бо ведаю, што каго ты дабраславіш, будзе дабраслаўлёны, а каго ты праклянеш, будзе пракляты».
І прыйшлі старшыні Мааву са старшынямі Мадыяну, і [плата] за прадказаньне была ў руцэ іхняй, і прыйшлі да Білеама, і перадалі яму словы Балака.
І ён сказаў ім: «Застаньцеся тут на ноч, і я прынясу вам слова, якое скажа мне ГОСПАД». І засталіся князі Мааву ў Білеама.
І прыйшоў Бог да Білеама, і сказаў: «Што гэта за людзі ў цябе?»
10  І Білеам сказаў Богу: «Балак, сын Цыпора, валадар Мааву, прыслаў да мяне
11  [сказаць]: “Вось, народ выйшаў з Эгіпту і пакрыў паверхню зямлі. Цяпер прыйдзі і пракляні мне яго, каб мог я перамагчы яго і выгнаць яго”».
12  І сказаў Бог Білеаму: «Ты ня пойдзеш з імі, не праклянеш народ, бо ён дабраслаўлёны».
13  І ўстаў Білеам раніцаю, і сказаў князям Балака: «Варочайцеся ў зямлю вашую, бо ГОСПАД не дазволіў мне ісьці з вамі».
14  І ўсталі князі Мааву, і прыйшлі да Балака, і сказалі яму: «Білеам не згадзіўся ісьці з намі».
15  І Балак паслаў яшчэ раз князёў, больш лікам і больш паважаных, чым тыя.
16  І прыйшлі яны да Білеама, і сказалі яму: «Так кажа Балак, сын Цыпора: “Не адмаўляйся, прашу, прыйсьці да мяне.
17  Бо, ушаноўваючы, вельмі ўшаную цябе і ўсё, што скажаш мне, зраблю. Прыйдзі і пракляні мне народ гэты”».
18  І адказаў Білеам, і сказаў слугам Балака: «Калі [нават] дасьць мне Балак поўны дом свой срэбра і золата, не магу парушыць [слова] з вуснаў ГОСПАДА, Бога майго, каб зрабіць што малое, або вялікае.
19  А цяпер, прашу, застаньцеся таксама ў гэтую ноч, а я даведаюся, што зноў прамовіць да мяне ГОСПАД».
20  І прыйшоў Бог да Білеама ўначы, і сказаў яму: «Калі прыйшлі гэтыя людзі паклікаць цябе, устань і ідзі з імі, але слова, якое Я прамоўлю да цябе, выканаеш».
21  І ўстаў Білеам раніцаю, і асядлаў асьліцу сваю і вырушыў разам з князямі Мааву.
22  І ўзгарэўся гнеў Бога, што ён паехаў. І стаў анёл ГОСПАДА на шляху як супраціўнік ягоны. А ён ехаў на асьліцы сваёй, і два юнакі ягоныя з ім.
23  І ўбачыла асьліца анёла ГОСПАДА, які стаяў на шляху, і меч ягоны выцягнуты ў руцэ ягонай, і зыйшла асьліца з дарогі, і пайшла ў поле. І Білеам ударыў асьліцу, каб яна завярнула на дарогу.
24  І стаў анёл ГОСПАДА на сьцеж­цы паміж вінаграднікамі, і мур быў з таго і з гэтага боку.
25  І ўбачыла асьліца анёла ГОС­ПАДА, і прыціснулася да му­ру, і прыціснула нагу Білеама да муру, і ён зноў пачаў біць яе.
26  І анёл ГОСПАДА перайшоў і стаў у месцы такім вузкім, што не было дарогі, каб абмінуць яго ані з правага, ані з левага боку.
27  І ўбачыла асьліца анёла ГОСПАДА, і лягла пад Білеамам. І ўзлаваўся Білеам, і біў асьліцу кіем.
28  І адкрыў ГОСПАД вусны асьліцы, і яна сказала Білеаму: «Што я табе зрабіла? Чаму ты б’еш мяне ўжо трэці раз?»
29  І сказаў Білеам асьліцы: «Бо ты глумішся з мяне. Каб меў я меч у руцэ маёй, я забіў бы цябе!»
30  І сказала асьліца Білеаму: «Ці ж я не твая асьліца, на якой ты езьдзіш ад пачатку да сёньняшняга дня? Ці ж я мела звычку так рабіць з табой?» І ён сказаў: «Не».
31  І адкрыў ГОСПАД вочы Білеама, і ён угледзеў анёла ГОСПАДА, які стаяў на шляху, і меч выцягнуты ў руцэ ягонай. І пакланіўся ён, і схіліў аблічча сваё.
32  І сказаў яму анёл ГОСПАДА: «Навошта тры разы ты біў асьліцу сваю? Вось, я прыйшоў як супраціўнік твой, бо нядобрая дарога [твая] перад табою.
33  І ўбачыла мяне асьліца, і тры разы ўхілялася ад мяне, і каб яна не ўхілялася ад мяне, я забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывую».
34  І сказаў Білеам анёлу ГОСПАДА: «Саграшыў я, бо ня ведаў, што ты стаіш супраць мяне на шляху; а цяпер, калі гэта кепска ў вачах тваіх, я вярнуся назад».
35  І сказаў анёл ГОСПАДА Білеаму: «Ідзі з тымі людзьмі, але сьцеражыся, бо слова, якое Я прамоўлю да цябе, прамовіш». І пайшоў Білеам з князямі Балака.
36  І пачуў Балак, што Білеам прыйшоў, і выйшаў яму на спатканьне аж да Ір-Мааву, які на мяжы пры Арноне.
37  І сказаў Балак Білеаму: «Ці ж, пасылаючы, я не пасылаў да цябе, каб паклікалі цябе? Чаму ты не прыйшоў да мяне? Няўжо я не магу ўшанаваць цябе?»
38  І сказаў Білеам Балаку: «Вось, я прыйшоў да цябе цяпер. Ці ж я магу што іншае прамовіць? Слова, якое ўложыць Бог у вусны мае, я прамоўлю».
39  І пайшлі Балак разам з Білеамам, і прыйшлі ў Кірыят-Хуцот.
40  І Балак склаў у ахвяру валоў і авечак, і паслаў Білеаму і князям, якія з ім.
41  І сталася раніцаю, і ўзяў Балак Білеама, і завёў яго на ўзгорышча Баала, і адтуль убачыў ён частку народу [Ізраіля].