Лікі 24
І ўбачыў Білеам, што добра ў вачах ГОСПАДА, каб дабраславіць Ізраіля, і ён не пайшоў, як раней хадзіў, каб варажыць, але павярнуў аблічча сваё на пустыню.
І падняў Білеам вочы свае, і ўбачыў Ізраіля, што стаяў паводле каленаў сваіх, і агарнуў яго Дух Божы,
і абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «Кажа Білеам, сын Бэора, кажа чалавек, у якога адкрытыя вочы,
кажа той, хто чуе слова Божае, той, хто бачыць відзежы Усемагутнага, той, хто падае, але мае вочы адкрытыя.
Якія добрыя намёты твае, Якубе, і сялібы твае, Ізраілю!
Раскінуліся яны як даліны рэкаў, як сады на беразе ручая, як альвасы, якія ГОСПАД пасадзіў, як кедры над водамі.
Цячэ вада з нетраў ягоных, і зерне ягонае мае ўдосталь вады. Валадар ягоны мацнейшы за Агага, і ўзвышаецца валадарства ягонае.
Бог вывеў яго з Эгіпту. Ён для яго — як рог аднарога. Праглыне ён народы, прыгнятальнікаў сваіх, косткі іхнія патрушчыць і праб'е стрэламі сваімі.
Ён прыхіліўся, лёг, як леў і як ільвіца. Хто адважыцца пабудзіць яго? Хто дабраслаўляе цябе, сам будзе дабраслаўлёны; хто праклінае цябе, сам будзе пракляты!»
10  І разгневаўся Балак на Білеама, і пляснуў у далоні свае, і сказаў Балак Білеаму: «Праклінаць ворагаў маіх я паклікаў цябе. А вось, ты іх ўжо трэці раз, дабраслаўлючы, дабраслаўляеш!
11  Дык цяпер уцякай у месца сваё! Хацеў я цябе, ушаноўваючы, ушанаваць, але вось, ГОСПАД пазбавіў цябе ўшанаваньня».
12  І сказаў Білеам Балаку: «Ці ж да пасланцоў тваіх, якіх ты паслаў да мяне, я не прамаўляў, кажучы:
13  “Хоць бы Балак даваў мне поўны дом свой срэбра або золата, не магу працівіцца [слову] з вуснаў ГОСПАДА, каб што добрае, ці што ліхое ўчы­ніць з сэрца майго, але тое, што ГОСПАД прамовіць, я прамаў­ляць буду”.
14  І цяпер, вось, я іду да народу майго, але падыйдзі, я паведамлю табе, што зробіць народ гэты з народам тваім у наступныя дні».
15  І абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «Кажа Білеам, сын Бэора, кажа чалавек, які мае адкрытыя вочы,
16  кажа той, хто чуе словы Божыя, які ведае думку Найвышэйшага і бачыць відзежы Усемагутнага, які падае, але мае адкрытыя вочы.
17  Бачу яго, але [яшчэ] не цяпер, аглядаю яго, але ня зблізка. Узыходзіць зорка з Якуба, і паўстае скіпетр з Ізраіля; і ён струшчыць скроні Мааву і зьні­шчыць усіх сыноў Сэта.
18  І Эдом станецца ўласнасьцю ягонай, і Сэір станецца ўласнасьцю ворагаў сваіх, а Ізраіль станецца моцным.
19  Ад Якуба выйдзе той, які мае ўладу, і зьнішчыць ён рэшткі гораду».
20  І ўбачыў ён Амалека, і абвясьціў прароцтва сваё, і сказаў: «Амалек — першы з народаў, але канец ягоны — загуба».
21  І ўбачыў ён Кенэяў, і абвясьціў прароцтва сваё, і сказаў: «Моцнае жытло тваё, і на скале пабудаванае гняздо тваё;
22  але будзе на спаленьне Кенэй, калі Асур зьняволіць цябе».
23  І абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «Гора! Хто бу­дзе жыць, калі Бог зробіць гэта?
24  Прыплывуць караблі з Кіттыму, і перамогуць Асура, і перамогуць Эвэра, але ўрэшце самі загінуць».
25  І ўстаў Білеам, і вярнуўся ў месца сваё, а Балак таксама пайшоў дарогай сваёй.