Лікі 31
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
«Помстай адпомсьці за сыноў Ізраіля Мадыянцам, а потым будзеш далучаны да народу свайго».
І прамовіў Майсей да народу, кажучы: «Узбройце спаміж сябе мужчынаў на вайну, і няхай яны выйдуць супраць Мадыянцаў, і выканаюць помсту ГОСПАДА над Мадыянцамі.
[Выбярыце] па тысячы з пакаленьня, з кожнага пакаленьня Ізраіля і пашліце на вайну».
І выдзелена было па тысячы з кожнага пакаленьня Ізраіля, дванаццаць тысячаў узброеных да бою.
І паслаў іх Майсей па тысячы з пакаленьня, і Пінхас, сын Элеазара сьвятара, на вайну. І посуд сьвяты, і трубы [былі] ў руцэ ягонай.
І ваявалі яны супраць Мадыянцаў, як загадаў ГОСПАД Майсею, і выбілі ўсіх мужчынаў,
і валадароў Мадыяну пазабвалі, акрамя тых, якія загінулі ў бітве: Эвія, Рэкема, Цура, Хура, Рэву, пяць валадароў Мадыяну; і Білеама, сына Бэора, забілі мячом.
І ўзялі ў палон сыны Ізраіля жанчынаў Мадыянскіх і дзяцей іхніх. І ўсю жывёлу іхнюю, і ўсе статкі іхнія, і ўсю маёмасьць іхнюю забралі,
10  а ўсе гарады іхнія, усе паселішчы іхнія і ўсе мястэчкі іхнія спалілі агнём.
11  І забралі яны здабычу сваю, як людзей, так і жывёлу.
12  І прывялі яны палонных, і здабычу, і нарабаванае да Майсея і Элеазара сьвятара, і да ўсёй грамады сыноў Ізраіля ў табар на раўнінах Мааву над Ярданам насупраць Ерыхону.
13  І выйшлі Майсей і Элеазар сьвятар, і ўсе князі грамады на сустрэчу ім па-за табар.
14  І загневаўся Майсей на начальнікаў войска, на тысячнікаў і сотнікаў, якія вярталіся з вайны.
15  І сказаў ім Майсей: «Чаму вы пакінулі пры жыцьці ўсіх жанчынаў?
16  Ці ж не яны за намовай Білеама сыноў Ізраіля зрабілі нявернымі перад ГОСПАДАМ праз Пэора, і была пляга сярод грамады ГОСПАДА?
17  І цяпер забіце ўсіх дзяцей мужчынскага роду і ўсіх жанчынаў, якія пазналі мужчынаў.
18  А ўсіх дзяўчат, якія не пазналі мужчынаў, пакіньце пры жыцьці.
19  І вы будзеце па-за табарам сем дзён. Усе, хто забіў [душу] або дакрануўся да забітага, мусіць ачысьціцца ў трэці і ў сёмы дзень, вы і палонныя вашыя.
20  І ўсё адзеньне, і ўсе вырабы са скуры, і ўсё, што зроблена з воўны казінай, і ўсе драўляныя рэчы будуць ачышчаны».
21  І сказаў Элеазар сьвятар ваярам, якія былі на вайне: «Гэта пастанова закону, якую загадаў ГОСПАД Майсею.
22  Золата, срэбра, медзь, жалеза, цына, волава
23  і ўсе рэчы, якія мо­гуць прайсьці праз агонь, няхай пройдуць праз агонь і будуць чыстымі. Тое, што ня можа прайсьці праз агонь, няхай пройдзе праз ваду, і будзе ачышчана нячыстасьць.
24  І ў сёмы дзень вы памыеце адзеньне вашае, і будзеце ачышчаныя, і ўвойдзеце ў табар».
25  І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы:
26  «Палічыце здабычу, якая здабытая, ад чалавека да жывёлы, ты і Элеазар сьвятар, і галовы дамоў грамады.
27  І падзеліш здабычу паміж тымі, што ваявалі і выйшлі на вайну, і паміж усёй грамадой.
28  І выдзеліш частку ГОСПАДУ ад ваяроў, якія былі на вайне — адну душу на пяцьсот, як з людзей, так і з валоў, аслоў і авечак.
29  І з гэтай паловы возьмеш і дасі Элеазару сьвятару як ахвярны дар ГОСПАДУ.
30  А з паловы сыноў Ізраіля вазьмі адну частку з пяцідзесяці: з людзей, валоў, аслоў і авечак, з усяго быдла, і дасі гэта лявітам, якія служаць пры Сялібе ГОСПАДА».
31  І зрабілі Майсей і Элеазар сьвятар, як загадаў ГОСПАД Майсею.
32  І была здабыча, якую народ здабыў на вайне, — шэсьцьсот семдзясят пяць тысячаў авечак,
33  семдзясят дзьве тысячы валоў,
34  шэсьцьдзясят адна тысяча аслоў,
35  а душаў людзкіх, жанчынаў, якія не пазналі мужчынаў, было разам трыццаць дзьве тысячы.
36  І была палова дадзена тым, якія былі на вайне: трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авечак.
37  І была частка ГОСПАДУ з авечак — шэсьцьсот семдзясят пяць авечак.
38  [І было] валоў трыццаць шэсьць тысячаў, а частка ГОСПАДУ [была] семдзясят два [валы].
39  [І было] трыццаць тысячаў пяцьсот аслоў, а частка ГОСПАДУ [была] шэсьцьдзясят адзін [асёл].
40  [І было] шаснаццаць тысячаў душаў людзкіх, а частка ГОСПАДУ [была] трыццаць дзьве душы.
41  І аддаў Майсей Элеазару сьвятару частку гэтую як дар ахвярны ГОСПАДУ, як загадаў ГОСПАД Майсею.
42  А палова для сыноў Ізраіля, якую ўзяў Майсей у ваяроў, [была]:
43  трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авечак,
44  трыццаць шэсьць тысячаў валоў,
45  трыццаць тысячаў пяцьсот аслоў
46  і шаснаццаць тысячаў душаў людзкіх.
47  І ўзяў Майсей з паловы сыноў Ізраіля адну пяцідзясятую частку з людзей і жывёлы, і аддаў яе лявітам, якія служаць пры Сялібе ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.
48  І прыйшлі да Майсея правадыры, начальнікі дружынаў войска, тысячнікі і сотнікі,
49  і сказалі Майсею: «Мы, слугі твае, палічылі ваяроў, якія пад рукой нашай, і не загінуў ніводзін з іх.
50  І прынесьлі мы як дар ахвярны ГОСПАДУ знойдзеныя вырабы з золата: ланцужкі, бранзалеты, пярсьцёнкі, завушніцы і нашыйнікі, каб перапрасіць за душы нашыя перад абліччам ГОСПАДА».
51  І ўзялі Майсей і Элеазар сьвятар золата і ўсе вырабы з яго.
52  І было золата, аддадзенага тысячнікамі і сотнікамі ў ахвяру ГОСПАДУ, шаснац­цаць тысячаў семсот пяцьдзясят сыкляў.
53  А кожны з ваяроў меў яшчэ сваю здабычу.
54  І ўзялі Майсей і Элеазар сьвятар золата ад тысячнікаў і сотнікаў, і занесьлі ў Намёт Спатканьня як памятны дар сыноў Ізраіля перад абліччам ГОСПАДА.