Псн 5
«Я ўвайшоў у сад мой, сястра мая, нявеста; зьбі­раю міру маю з пахошчамі маімі, ем соты мае з мёдам маім, п’ю віно маё з малаком маім. Ешце, сябры, і піце, і насычайцеся каханьнем!»
«Я сплю, а сэрца маё чувае. [Вось,] голас любага майго, які стукае! “Адчыні мне, сястра мая, сяброўка мая, галубка мая, беззаганная мая, бо галава мая ўся ў расе, кучары мае — у кроплях начных!”
Адзеньне маё я скінула з сябе, ці [зноў] мне апранаць яго? Памыла ногі свае, ці зноў маю брудзіць іх?
Любы мой працягнуў руку сваю праз адтуліну і задрыжэла ў-ва мне нутро маё.
Я ўстала, каб адчыніць любаму майму; і з рук маіх сьцякала міра, і з пальцаў маіх міра каштоўнае [капала] на клямку засаўкі.
Я адчыніла любаму майму; але любы мой пайшоў, аддаліўся. Душа мая млела, калі ён прамаўляў. Шукала яго і не знайшла яго, гукала яго і ён не азваўся мне.
Спаткалі мяне вартаўнікі, якія абыходзяць горад; зьбілі мяне і паранілі мяне, забралі покрыва маё ў мяне вартаўнікі муроў.
Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, калі спаткаеце любага майго, што вы скажаце яму? [Скажыце,] што я зьнемаглася ад каханьня».
«Чым любы твой мілейшы ад другіх, найпрыгажэйшая з жанчынаў? Чым любы твой мілейшы ад другіх, што ты так заклінаеш нас?»
10  «Любы мой белы і румяны, найлепшы сярод дзясяткаў тысячаў.
11  Галава ягоная — шчырае золата, золата найчысьцейшае, кучары ягоныя — як гронкі фінікаў, чорныя як крумкачы.
12  Вочы ягоныя — як галубы над водамі бруістымі, купаюцца ў малацэ, сядзяць над струмянём паўнаводным.
13  Шчокі ягоныя — як кветнік пахошчаў, на якіх растуць зёлкі духмяныя; вусны ягоныя — лілеі, з іх цячэ міра найлепшае.
14  Рукі ягоныя — вальцы залатыя, напоўненыя тапазамі; жывот ягоны — выраб з косьці слановай, выкладзены шафірамі.
15  Ногі ягоныя — слупы з мармуру, пастаўленыя на апоры залатыя; выгляд ягоны — як Лібан, велічны, нібы кедры.
16  Вусны ягоныя — слодыч, і ўвесь ён прывабны. Вось такі любы мой, і вось такі сябар мой, дочкі Ерусалімскія».