Зах 8
І было слова ГОСПАДА Магуцьцяў, кажучы:
«Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Я раўную пра Сыён рэўнасьцю вялікай і з гневам вялікім Я раўную пра яго.
Гэта кажа ГОСПАД. Я вярнуся на Сыён і буду жыць у Ерусаліме, і будзе называцца Ерусалім горадам праўды, а гара ГОСПАДА Магуцьцяў — гарою сьвятой.
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Зноў будуць сядзець старыя на плошчах Ерусаліму, кожны і кожная з кійком сваім у руцэ сваёй з прычыны мноства дзён.
І плошчы гораду гэтага напоўняцца хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія гуляюць на плошчах ягоных.
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Калі гэта [выглядае] цудам у вачах рэшты народу гэтага ў дні гэтыя, няўжо таксама гэта будзе цудам у вачах Маіх? — кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Вось, Я выратую народ Мой з зямлі ўсходу і з зямлі заходу сонца,
і прывяду іх, і яны будуць жыць у Ерусаліме, і будуць Мне народам, а Я буду ім Богам у праўдзе і праведнасьці.
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Умацуйце рукі вашыя вы, якія чуеце ў дні гэтыя словы гэтыя з вуснаў прарокаў, якія былі ў дзень закладаньня Дому ГОСПАДА Магуцьцяў, сьвятыні, якую будавалі.
10  Бо перад днямі гэтымі не было платы для чалавека і не было платы для скаціны; і для таго, хто выходзіў, і для таго, хто ўваходзіў, не было супакою ад прыгнятальніка, бо Я паслаў кожнага чалавека супраць бліжняга ягонага.
11  А цяпер не такі, як у дні ранейшыя, Я [буду] для рэшты народу, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
12  Бо [будзе] насеньне супакою, вінаграднік дасьць плод свой, і зямля дасьць ураджай свой, і неба дасьць расу сваю, і Я дам у спадчыну рэшце народу гэтага ўсё гэта.
13  І станецца, што як вы былі праклёнам сярод народаў, дом Юды і дом Ізраіля, так Я выбаўлю вас, і вы будзеце дабраславенствам. Ня бойцеся, няхай умацуюцца рукі вашыя!
14  Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Як Я задумаў ра­біць вам зло, калі бацькі вашыя гнявілі Мяне, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і не шкадаваў [пра гэта],
15  так Я павярнуўся і задумаў у гэтыя дні рабіць дабро Ерусаліму і дому Юды. Ня бойцеся!
16  Гэта рэчы, якія маеце ра­біць: гаварыце праўду адзін аднаму, [паводле] праўды і суду супакою судзіце ў брамах вашых,
17  і няхай ніхто з вас не надумвае зла для бліжняга свайго, і прысягі фальшывай не любіце, бо ўсё гэта Я ненавіджу, кажа ГОСПАД”».
18  І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
19  «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Пост чацьвёртага і пост пятага, і пост сёмага, і пост дзясятага [месяца] будзе для дому Юды радасьцю і вясёласьцю, і сьвятам добрым. І любіце праўду і супакой!
20  Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Зноў прыйдуць народы, і жыхары мноства гарадоў.
21  І пойдуць жыхары аднаго гораду да [жыхароў] другога, кажучы: “Пойдзем, пайшоўшы, маліць аблічча ГОСПАДА і шукаць ГОСПАДА Магуцьцяў. Пайду таксама я!”
22  І прыйдуць шмат народаў і народы магутныя шукаць ГОСПАДА Магуцьцяў у Ерусаліме і маліць аблічча ГОСПАДА.
23  Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў. У тыя дні схопяць дзесяць чалавек з усіх моваў народаў, схопяць за крысо Юдэя, кажучы: “Мы пойдзем з вамі, бо мы чулі, [што] з вамі Бог”».