1 Цім 3
 1  Вернае слова: “Калі хто епіскапства жадае, добрай справы жадае”.   
 2  Дык епіскап мусіць быць бездакорны, аднае жонкі муж, пільны, цьвярозы, сьціплы, гасьцінны, здольны навучаць,   
 3  ня п’яніца, не задзірлівы, ня сквапны, але спагадны, не ваяўнічы, не срэбралюбец,   
 4  каб добра сваім домам кіраваў, дзяцей меў у паслухмянасьці з усякай сумленнасьцю.   
 5  А калі хто ня ведае, як кіраваць уласным домам, як будзе клапаціцца пра Царкву Божую?   
 6  [Мусіць быць] не з нованаверненых, каб, узьбіўшыся ў пыху, ня трапіў пад прысуд з д’яблам.   
 7  Мусіць ён мець добрае сьведчаньне ад тых, што вонкі, каб ня трапіў у зьнявагу і пастку д’яблаву.   
 8  Дыяканы таксама [мусяць быць] сумленныя, не двудушныя, не прагавітыя на віно, ня сквапныя,   
 9  якія маюць таямніцу веры ў чыстым сумленьні.   
 10  І гэтакіх трэба перш выпрабоўваць, а пасьля, калі бездакорныя, няхай служаць.   
 11  Таксама жанчыны [мусяць быць] сумленныя, не паклёпніцы, пільныя, верныя ў-ва ўсім.   
 12  Дыяканы няхай будуць мужамі аднае жонкі, якія добра кіруюць дзецьмі і домам сваім,   
 13  бо хто добра паслужыў, здабывае сабе добрую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.   
 14  Гэтае табе пішу, спадзеючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,   
 15  каб ты, калі замаруджу, ведаў, як трэба жыць у доме Божым, які ёсьць Царква Бога Жывога, слуп і апірышча праўды.   
 16  І, бясспрэчна, вялікая ёсьць таямніца пабожнасьці: Бог зьявіўся ў целе, апраўдаў Сябе ў Духу, зьявіў Сябе анёлам, абвешчаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнесены ў славе.