2 Кар 7
1 Дык, улюбёныя, маючы такія абяцаньні, ачысьцім сябе ад усякага бруду цела і духа, зьдзяйсьняючы сьвятыя рэчы ў страху Божым.
2 Зьмясьціце нас. Мы нікога не пакрыўдзілі, нікому не пашкодзілі, нікога не ашукалі.
3 Не на асуджэньне кажу, бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам і памерці, і жыць.
4 Вялікая ў мяне адвага што да вас, вялікая мне пахвала за вас; я напоўнены пацяшэньнем, маю ўдосталь радасьці ў-ва ўсякім прыгнёце нашым.
5 Бо калі мы прыйшлі ў Македонію, цела нашае ня мела патолі, але ў-ва ўсім мы былі прыгнечаныя: звонку — звадкі, унутры — страхі.
6 Але Бог, Які суцяшае пакорных, суцешыў нас прыходам Ціта.
7 І ня толькі прыходам яго, але і пацяшэньнем, якім ён суцешыўся праз вас, расказваючы нам пра вашае жаданьне, пра ваш лямант, пра вашую руплівасьць адносна мяне, так што я яшчэ больш радаваўся.
8 Дык калі я і засмуціў вас у пасланьні, не шкадую, хоць і шкадаваў быў, бо бачу, што пасланьне тое, хоць і на гадзіну, засмуціла вас.
9 Цяпер я радуюся не дзеля таго, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся на навяртаньне, бо засмуціліся паводле Бога, каб ні ў чым ня мелі ад нас шкоды.
10 Бо смутак паводле Бога робіць нязьменнае навяртаньне на збаўленьне, а смутак гэтага сьвету робіць сьмерць.
11 Бо, вось, самае тое, што вы засмуціліся паводле Бога, якую вялікую дбайнасьць учыніла ў вас, і абарону, і абурэньне, і страх, і жаданьне, і руплівасьць, і адплату! У-ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе.
12 Таму, калі я і пісаў да вас, дык не дзеля таго, хто пакрыўдзіў, і не дзеля таго, хто пакрыўджаны, але каб выявілася вам дбайнасьць нашая пра вас перад Богам.
13 Дзеля гэтага мы суцешыліся пацяшэньнем вашым; а яшчэ больш узрадаваліся мы радасьцю Ціта, што быў супакоены дух ягоны вамі ўсімі.
14 Дык я не асароміўся, калі чым пахваліўся вамі перад ім; але, як мы вам гаварылі ўсё ў праўдзе, гэтак і перад Цітам пахвала нашая сталася праўдаю.
15 І сэрца ягонае яшчэ больш да вас, калі ён узгадвае паслухмянасьць усіх вас, як вы прынялі яго са страхам і дрыжаньнем.
16 І я радуюся, што ў-ва ўсім маю пэўнасьць у вас.