ДРУГОЕ ПАЎСЮДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛА ПЯТРА
2 Пт 1
1 Сымон Пётар, слуга і апостал Ісуса Хрыста, — тым, якія прынялі з намі роўна каштоўную веру ў праведнасьці Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста:
2 ласка вам і супакой няхай памножацца ў пазнаньні Бога і Ісуса, Госпада нашага.
3 Як Боская моц Ягоная падаравала нам усё дзеля жыцьця і пабожнасьці, праз пазнаньне Таго, Хто паклікаў нас славаю і цнотаю,
4 праз якія падараваныя нам найвялікшыя і каштоўныя абяцаньні, каб праз іх сталіся вы супольнікамі Боскае прыроды, пазьбегнуўшы сапсутасьці ў пажаданьні, якое ў сьвеце,
5 дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсякую дбайнасьць, зьявіце ў веры вашай цноту, а ў цноце — разуменьне,
6 а ў разуменьні — стрыманасьць, а ў стрыманасьці — цярплівасьць, а ў цярплівасьці —пабожнасьць,
7 а ў пабожнасьці — браталюбства, а ў браталюбстве — любоў.
8 Калі гэтае ў вас ёсьць і памнажаецца, вы не застанецеся бязьдзейнымі і бясплоднымі ў пазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста.
9 Бо хто ня мае гэтага, той сьляпы, невідушчы, забыўся, што атрымаў ачышчэньне даўнейшых сваіх грахоў.
10 Дзеля гэтага, браты, яшчэ больш намагайцеся рабіць цьвёрдым вашае пакліканьне і выбраньне, бо гэтак робячы, ніколі не спатыкняцёся,
11 бо гэтак шырока зьявіцца вам уваход у вечнае Валадарства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста.
12 Дзеля гэтага я ня буду занядбоўваць заўсёды нагадваць вам пра гэтае, хоць вы і ведаеце гэта, і ўмацаваныя ў гэтай праўдзе.
13 Справядлівым жа лічу, пакуль знаходжуся ў гэтай будыніне, пабуджаць вас нагадваньнем,
14 ведаючы, што хутка пакіну маю будыніну, як і Госпад наш Ісус Хрыстос мне паведаміў.
15 Але буду намагацца, каб вы і пасьля майго адыходу заўсёды ўспаміналі гэтае.
16 Бо мы зрабілі вядомымі вам моц і прыйсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, не за мудрагелістымі байкамі ідучы сьледам, але быўшы відавочцамі велічы Ягонай,
17 бо Ён прыняў ад Бога Айца пашану і славу, калі ад велічнае славы зыйшоў да Яго гэтакі голас: «Гэта ёсьць Сын Мой улюблёны, у Якім маю ўпадабаньне».
18 І гэты голас, які зыходзіў з неба, мы чулі, быўшы з Ім на гары сьвятой.
19 І мы маем цьвёрдае прарочае слова, і вы добра робіце, што зважаеце на яго, як на сьветач, што сьвеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне днець і ня ўзыйдзе зараніца ў сэрцах вашых,
20 разумеючы спачатку, што ніякае прароцтва з Пісаньня ня мае адвольнага тлумачэньня,
21 бо ніколі прароцтва не прыносілася воляй чалавека, але гаварылі яго сьвятыя Божыя людзі, ведзеныя Духам Сьвятым.