ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ТЭСАЛОНЦАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА
2 Тэс 1
Павал, і Сілуан, і Цімафей — царкве Тэсалонцаў у Богу Айцу нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце:
ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Заўсёды павінны мы дзякаваць Богу за вас, браты, як належыцца, бо моцна ўзрастае вера вашая і памнажаецца любоў кожнага адзін да аднаго між усімі вамі,
так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля цярплівасьці вашай і веры ў-ва ўсіх перасьледаваньнях вашых і прыгнётах, якія вы пераносіце,
на выяўленьне праведнага суду Божага, каб вам быць вартымі Валадарства Божага, дзеля якога і пакутуеце.
Бо праведна перад Богам адгадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць,
а вам, прыгнятаным, — патоляй разам з намі ў адкрыцьці Госпада Ісуса з неба з анёламі сілы Яго,
Які ў полымі агню зьдзяйсьняе помсту над тымі, што ня ведаюць Бога і не паслухмяныя Эвангельлю Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Яны атрымаюць прысуд — вечнае зьнішчэньне, ад аблічча Госпада і ад славы магутнасьці Яго,
10  калі Ён прыйдзе ўславіцца ў сьвятых Сваіх і стацца дзівосным у дзень той у-ва ўсіх, якія паверылі, бо вы паверылі нашаму сьведчаньню сярод вас.
11  Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас дастойнымі пакліканьня і споўніў з моцаю ўсякае ўпадабаньне добрасьці і справу веры,
12  каб праславілася імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.