2 Цім 2
 1  Дык ты, дзіця маё, умацоўвайся ў ласцы, што ў Хрысьце Ісусе,   
 2  і, што чуў ад мяне праз многіх сьведкаў, тое перадай верным людзям, якія будуць здольнымі і іншых навучыць.   
 3  Дык перанось цяжкасьці, як добры жаўнер Ісуса Хрыста.   
 4  Ніхто з тых, хто змагаецца, ня зьвязвае сябе справамі жыцьцёвымі, каб падабацца таму, хто яго ўзяў у войска.   
 5  І калі хто спаборнічае, не атрымае вянка, калі будзе спаборнічаць незаконна.   
 6  Земляроб, які працуе, мусіць першы спажываць плады.   
 7  Разумей, што кажу. Няхай жа дасьць табе Госпад разуменьне ў-ва ўсім.   
 8  Памятай пра Ісуса Хрыста, з насеньня Давіда, Які ўваскрос з мёртвых паводле Эвангельля майго,   
 9  у якім пераношу цяжкасьці аж да путаў, як злачынца, але слова Божага нельга зьвязаць.   
 10  Дзеля гэтага я ўсё трываю дзеля выбраных, каб і яны дасягнулі збаўленьня, што ў Хрысьце Ісусе, з вечнаю славаю.   
 11  Вернае слова, што калі мы памерлі з Ім, і жыць будзем з Ім;   
 12  калі трываем [з Ім], і валадарыць будзем з Ім; калі адрачэмся [ад Яго], і Ён адрачэцца ад нас;   
 13  калі мы ня верым, Ён застаецца верным, бо ад Сябе адрачыся ня можа.   
 14  Гэта нагадвай, сьведчачы перад Госпадам, каб не спрачаліся дзеля словаў, што нічога не дае, а руйнуе тых, якія слухаюць.   
 15  Намагайся паставіць сябе перад Богам вартым, работнікам, які ня будзе асаромлены, які слушна пераказвае слова праўды.   
 16  А паганага марнаслоўя пазьбягай, бо яны яшчэ больш будуць узрастаць у бязбожнасьці,   
 17  і слова іхняе, як гангрэна, будзе мець пажыву. Гэтакія Гімэнэй і Філет,   
 18  якія адхіліліся ад праўды, кажучы, што ўваскрасеньне ўжо было, і руйнуюць у некаторых веру.   
 19  Але цьвёрды падмурак Божы стаіць, маючы гэтакую пячатку: «Ведае Госпад тых, якія Яго», і: «Няхай адыйдзецца ад няправеднасьці кожны, хто называе імя Хрыста».   
 20  А ў вялікім доме ёсьць посуд ня толькі залаты і срэбны, але і драўляны, і гліняны; і адзін — у пашане, а другі — у ганьбе.   
 21  Дык калі хто ачысьціць сябе ад гэтага, той будзе пасудзінаю ў пашане, асьвячонаю і патрэбнаю Ўладару, падрыхтаванаю на ўсякую добрую справу.   
 22  Ад юнацкіх пажаданьняў уцякай, а імкніся да праведнасьці, веры, любові, супакою з тымі, хто прызывае Госпада ад чыстага сэрца.   
 23  Ад дурных і бязглуздых спрэчак адмаўляйся, ведаючы, што яны нараджаюць звадкі;   
 24  а слуга Госпада ня мусіць вадзіцца, але быць ветлівым да ўсіх, здольным навучаць, цярплівым,   
 25  у ціхасьці настаўляць тых, якія працівяцца, ці ня дасьць ім Бог навяртаньня дзеля пазнаньня праўды,   
 26  каб яны вызваліліся з пасткі д’яблавай, які злавіў іх пад сваю волю.