2 Цім 4
 1  Дык я сьведчу перад Богам і Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, Які мае судзіць жывых і мёртвых у зьяўленьні Сваім і Валадарства Свайго:   
 2  абвяшчай слова, настойвай у час і ня ў час, дакарай, забараняй, упрошвай з усякай доўгацярплівасьцю і вучэньнем.   
 3  Бо будзе час, калі здаровага навучаньня цярпець ня будуць, але паводле сваіх пажаданьняў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, якія лашчаць слых,   
 4  і ад праўды слых адвернуць, а збочаць да баек.   
 5  А ты будзь пільны ў-ва ўсім, перанось цяжкасьці, рабі справу дабравесьніка, служэньне тваё выконвай.   
 6  Бо я ўжо стаўся ахвяраю, і час майго адыходу прыйшоў.   
 7  Змагаўся я добрым змаганьнем, бег зьдзейсьніў, веру захаваў.   
 8  Нарэшце, вызначаны мне вянок праведнасьці, які дасьць мне Госпад, праведны Судзьдзя, у той дзень; і ня толькі мне, але і ўсім, якія зьяўленьне Яго палюбілі.   
 9  Намагайся, каб хутка прыйсьці да мяне.   
 10  Бо Дэмас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні век, і пайшоў у Тэсалоніку; Крэскенс — у Галятыю; Ціт — у Дальматыю; адзін Лука са мною.   
 11  Марка, узяўшы, прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбны для служэньня,   
 12  А Тыхіка я паслаў у Эфэс.   
 13  Плашч, які я кінуў у Траадзе ў Карпа, ідучы, прынясі, і кнігі, асабліва пэргаміны.   
 14  Аляксандар, меднік, шмат учыніў мне ліха. Няхай дасьць яму Госпад паводле ўчынкаў ягоных.   
 15  І ты захоўвай сябе ад яго, бо ён вельмі супрацьстаіць нашым словам.   
 16  У першай маёй абароне ніхто не прыйшоў да мяне, але ўсе мяне пакінулі. Няхай ня будзе ім палічана!   
 17  Госпад жа стаў перада мною і ўмацаваў мяне, каб пропаведзь праз мяне была выкананая і каб пачулі [яе] ўсе пагане; і я быў выбаўлены з ільвінае пашчы.   
 18  І выбавіць мяне Госпад ад усякага злога дзеяньня, і збавіць для Свайго Нябеснага Валадарства. Яму слава на вякі вякоў. Амэн.   
 19  Прывітай Прыскілу, і Акілу, і дом Анісіфора.   
 20  Эраст застаўся ў Карыньце; а Трафіма я пакінуў хворага ў Мілеце.   
 21  Намагайся, каб прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эўбул, і Пуд, і Лін, і Кляўдыя, і ўсе браты.   
 22  Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Ласка з вамі. Амэн.