ТРЭЦЯЕ ПАЎСЮДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛА ЯНА   
 3 Ян 1
 1  Староста — улюбёнаму Гаю, якога я люблю ў праўдзе.   
 2  Улюбёны! Малюся, каб ты быў здаровы і пасьпяховы ў-ва ўсім, як пасьпяховая душа твая.   
 3  Бо я вельмі ўзрадаваўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі пра тваю праўду, як ты ходзіш у праўдзе.   
 4  Для мяне няма большай радасьці, як чуць, што дзеці мае ходзяць у праўдзе.   
 5  Улюбёны! Ты робіш вернае ў тым, што робіш для братоў і для чужынцаў,   
 6  якія засьведчылі перад царквою пра тваю любоў. Ты добра зробіш, правёўшы іх, як належыцца перад Богам,   
 7  бо яны дзеля імя Ягонага пайшлі, нічога ня ўзяўшы ад паганаў.   
 8  А мы павінны прыймаць гэтакіх, каб стацца супрацоўнікамі праўдзе.   
 9  Я пісаў царкве, але Дыятрэф, які любіць у іх быць першым, не прызнае нас.   
 10  Дзеля гэтага, калі я прыйду, нагадаю пра ўчынкі ягоныя, якія ён робіць, абмаўляючы нас злымі словамі; і не задавольваючыся гэтым, і сам не прызнае братоў, і тым, якія хочуць, забараняе, і выганяе з царквы.   
 11  Улюбёны! Не пераймай ліхое, але добрае. Хто робіць дабро, той ад Бога; а хто робіць ліхое, ня бачыў Бога.   
 12  Пра Дэмэтрыя засьведчана ўсімі і самой праўдаю, і мы сьведчым, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае праўдзівае.   
 13  Шмат меў я пісаць, але не хачу пісаць табе атрамантам і трысьцінай,   
 14  а спадзяюся неўзабаве пабачыць цябе і гаварыць вуснамі ў вусны.   
 15  Супакой табе! Вітаюць цябе сябры; прывітай сяброў паіменна.