Дз 6
 1  А ў гэтыя дні, калі памножылася вучняў, сталася нараканьне Эліністаў на Гебраяў, што ў штодзённым служэньні занядбоўваюцца ўдовы іхнія.   
 2  Дванаццаць жа, паклікаўшы мноства вучняў, сказалі: «Ня гожа нам, пакінуўшы слова Божае, служыць пры сталах.   
 3  Дык нагледзьце спасярод вас, браты, сем засьведчаных мужоў, поўных Духа Сьвятога і мудрасьці, якіх мы паставім на гэтую патрэбу,   
 4  а мы будзем трываць у малітве і служэньні слова».   
 5  І спадабалася слова гэтае перад абліччам усяго мноства, і выбралі Стэфана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Філіпа, і Прохара, і Ніканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая Антыяхійца, празэліта.   
 6  Іх паставілі перад апосталамі; і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі.   
 7  І слова Божае расло, і вучні ў Ерусаліме вельмі множыліся лікам, і вялікая колькасьць сьвятароў паслухаліся веры.   
 8  А Стэфан, поўны веры і сілы, чыніў цуды і знакі вялікія ў народзе.   
 9  Паўсталі ж некаторыя з сынагогі, называнай Лібэртынскай, і Кірэнэйскай, і Александрыйскай, і тых, што з Кілікіі і Азіі, спрачаючыся са Стэфанам,   
 10  і ня здолелі супрацьстаць мудрасьці і Духу, Якім ён гаварыў.   
 11  Тады падбілі мужоў сказаць: «Мы чулі яго, як гаварыў словы блюзьнерскія на Майсея і Бога».   
 12  І падбурылі народ, і старшыняў, і кніжнікаў, і, стаўшы, схапілі яго, і прывялі ў сынэдрыён.   
 13  І паставілі яны хлусьлівых сьведкаў, якія казалі: «Гэты чалавек не перастае гаварыць словы блюзьнерскія супраць гэтага сьвятога месца і супраць Закону,   
 14  бо мы чулі, як ён казаў, што Ісус з Назарэту зруйнуе месца гэтае і зьменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей».   
 15  І ўсе тыя, што сядзелі ў сынэдрыёне, углядаючыся на яго, бачылі аблічча ягонае, нібыта аблічча анёла.