Дз 12
 1  А ў той час валадар Ірад падняў руку, каб рабіць зло некаторым з царквы,   
 2  а Якуба, брата Яна, забіў мячом.   
 3  І, бачачы, што гэта падабаецца Юдэям, дадаў, што схапіў і Пятра, а былі дні праснакоў,   
 4  і, схапіўшы, пасадзіў у вязьніцу, загадаўшы чатыром чацьвёркам жаўнераў сьцерагчы яго, хочучы пасьля Пасхі вывесьці яго народу.   
 5  Дык Пятра пільнавалі ў вязьніцы, а шчырая малітва за яго ўзносілася ад царквы да Бога.   
 6  Калі ж Ірад меўся вывесьці яго, у тую ноч Пётар спаў між двух жаўнераў, зьвязаны двума ланцугамі, і перад дзьвярыма вартаўнікі пільнавалі вязьніцу.   
 7  І вось, анёл Госпадаў стаў, і сьвятло засьвяціла ў цэлі, і, ударыўшы Пятра ў бок, падняў яго, кажучы: «Устань хутчэй!» І ўпалі з рук ягоных ланцугі.   
 8  Анёл жа сказаў да яго: «Падперажыся і абуй сандалы твае». Ён зрабіў гэта, і той кажа яму: «Апрані адзеньне тваё і ідзі за мною».   
 9  І, выйшаўшы, пайшоў за ім, і ня ведаў, ці праўда тое, што сталася праз анёла, а думаў, што бачыць відзеж.   
 10  Абмінуўшы ж першую варту і другую, яны падыйшлі да жалезных брамаў, што вялі ў горад, якія самі расчыніліся ім, і, выйшаўшы, прайшлі адну вуліцу, і анёл адразу адыйшоў ад яго.   
 11  І Пётар, прыйшоўшы ў сябе, сказаў: «Цяпер праўдзіва ведаю, што Госпад паслаў анёла Свайго і вырваў мяне з рукі Ірада і з усяго, чаго чакаў народ Юдэйскі».   
 12  І, агледзеўшыся, прыйшоў у дом Марыі, маці Яна, называнага Маркам, дзе многія сабраліся і маліліся.   
 13  А як Пётар стукаўся ў дзьверы брамаў, падыйшла паслухаць служка, на імя Рода,   
 14  і, пазнаўшы голас Пятра, ад радасьці не адчыніла брамаў, а, убегшы, абвясьціла, што Пётар стаіць перад брамамі.   
 15  Яны ж сказалі да яе: «Ты звар’яцела». А яна настойвала, што гэта ён. Яны ж казалі: «Гэта анёл ягоны».   
 16  А Пётар працягваў стукацца. Адчыніўшы, яны ўбачылі яго і зьдзівіліся.   
 17  Ён жа, даўшы знак рукою, каб маўчалі, распавёў ім, як Госпад вывеў яго з вязьніцы. І сказаў: «Абвясьціце пра гэта Якубу і братам». І, выйшаўшы, пайшоў у іншае месца.   
 18  А як настаў дзень, было хваляваньне немалое ў жаўнераў адносна таго, што магло стацца з Пятром.   
 19  Ірад жа, шукаючы яго і не знайшоўшы яго, дапытаўшы вартаўнікоў, загадаў вывесьці іх [на сьмерць]. І, зыйшоўшы з Юдэі ў Цэзарэю, быў [там].   
 20  А быў Ірад дужа зазлаваны на Тырцаў і Сідонцаў. Яны ж аднадушна прыйшлі да яго і, пераканаўшы Бласта, падкаморага валадарскага, прасілі міру, бо іхняя краіна жывілася ад валадарскае.   
 21  У вызначаны ж дзень Ірад, апрануўшы валадарскае адзеньне і сеўшы на судовым пасадзе, прамаўляў да іх,   
 22  а народ крычаў: «Голас бога, а не чалавека!»   
 23  А анёл Госпадаў адразу ўдарыў яго за тое, што ён не аддаў славу Богу, і, заедзены чэрвямі, ён памёр.   
 24  А слова Божае расло і памнажалася.   
 25  А Барнаба і Саўл, споўніўшы служэньне, вярнуліся з Ерусаліму, узяўшы з сабою Яна, якога звалі Маркам.