Кал 2
 1  Бо хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я маю дзеля вас і дзеля тых, што ў Ляадыкеі, і дзеля ўсіх, якія ня бачылі аблічча майго ў целе,   
 2  каб суцешыліся сэрцы іхнія, злучаныя ў любові і дзеля ўсякага багацьця пэўнага разуменьня, дзеля пазнаньня тайны Бога — і Айца, і Хрыста,   
 3  у Якім усе скарбы мудрасьці і веданьня схаваныя.   
 4  А кажу гэта, каб хто ня ўвёў вас у зман пераканаўчымі словамі.   
 5  Бо хоць я і адсутны целам, але духам я з вамі, радуючыся і бачачы ваш парадак і ўмацаванасьць веры вашае ў Хрыста.   
 6  Дык як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, так хадзіце ў Ім,   
 7  укарэненыя і збудаваныя ў Ім, і сьцьверджаныя ў веры, як вы былі навучаныя, багацеючы ў ёй з падзякаю.   
 8  Глядзіце, каб хто не збаламуціў вас філасофіяй і пустым падманам паводле традыцыі чалавечай, паводле стыхіяў сьвету, а не паводле Хрыста.   
 9  Бо ў Ім жыве ўся поўня Боства цялесна,   
 10  і вы напоўненыя ў Ім, Які ёсьць галава ўсякага начальства і ўлады.   
 11  У Ім і вы абрэзаныя абразаньнем, не рукою зробленым, якое зьняла цела грахоў цялесных, абразаньнем Хрыстовым.   
 12  Пахаваныя з Ім у хрышчэньні, у Ім вы і ўваскрэсьлі праз веру ў дзеяньне Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,   
 13  і вас, якія былі мёртвыя ў грахах і неабразаньні цела вашага, Ён ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе грахі,   
 14  сьцёршы рукапіс пастановаў, што былі супраць нас; і забраў яго спасярод, прыбіўшы да крыжа,   
 15  распрануўшы начальствы і ўлады, адважна аддаў іх на сорам, трыюмфуючы над імі ў Ім.   
 16  Дык няхай ніхто ня судзіць вас за ежу, ці за пітво, ці за ўдзел у сьвяце, ці маладзіку, ці субоце.   
 17  Гэта ёсьць цень таго, што мае быць, а цела — Хрыстовае.   
 18  Няхай ніхто не пазбавіць вас нагароды праз самавольнае ўпакорваньне і набажэнства анёлам, уваходзячы ў тое, чаго ня бачыў, дарэмна ўзганарыўшыся розумам цела свайго   
 19  і не трымаючыся Галавы, ад якое ўсё цела, вязямі і вузламі змацаванае і злучанае, расьце ўзрастаньнем Божым.   
 20  Дык калі вы памерлі разам з Хрыстом для стыхіяў сьвету, чаго ж, быццам жывучы ў сьвеце, трымаецеся пастановаў:   
 21  «Не дакранайся, і не каштуй, і не чапай»,   
 22  што ўсё [вядзе] да сапсутасьці праз [само] ўжываньне, паводле пастановаў і навукі чалавечае?   
 23  Гэтае слова нібыта мае мудрасьць у самавольным набажэнстве, упакорваньні і мардаваньні цела, не ў пашане да таго, што насычае цела.