Гал 4
 1  Кажу вось: увесь час, пакуль спадкаемца — немаўля, ён нічым ня лепшы за слугу, хоць ён пан усяго,   
 2  але ён пад наглядчыкамі і аканомамі аж да вызначанага бацькам часу.   
 3  Гэтак і мы, калі былі немаўлятамі, былі паняволеныя стыхіям сьвету.   
 4  А калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, Які быў з жанчыны і быў пад Законам,   
 5  каб адкупіць тых, якія пад Законам, каб нам атрымаць усынаўленьне.   
 6  А як вы — сыны, Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які кліча: «Абба, Ойча!»   
 7  Так што ты ўжо не слуга, але сын; а калі сын, дык і спадкаемца Бога праз Хрыста.   
 8  Але тады, ня ведаючы Бога, вы служылі тым, якія паводле прыроды ня ёсьць богі.   
 9  Цяпер жа, пазнаўшы Бога, а больш пазнаныя Богам, як вы вяртаецеся ізноў да нядужых і ўбогіх стыхіяў, якім зноў хочаце служыць нанова?   
 10  Вы сочыце за днямі, і месяцамі, і порамі, і гадамі.   
 11  Баюся за вас, ці не надарма я працаваў у вас.   
 12  Прашу вас, браты, будзьце, як і я, бо і я, як вы. Вы нічым ня скрыўдзілі мяне.   
 13  А вы ведаеце, што я ў нядужасьці цела дабравесьціў вам раней,   
 14  і вы не пагардзілі спакусай маёй, якая ў целе маім, і не адапхнулі, але прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса.   
 15  Дык якое было шчасьце вашае! Бо сьведчу вам, што калі б было магчыма, вырваўшы вочы вашыя, вы далі б мне.   
 16  Дык ці ж я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?   
 17  Рупяцца пра вас нядобра, але хочуць аддзяліць вас [ад нас], каб вы рупіліся пра іх.   
 18  А добра рупіцца пра добрае заўсёды, а ня толькі, калі я прысутны ў вас,   
 19  дзеткі мае, якімі ізноў мучуся ў радзінах, пакуль не ўкшталтуецца ў вас Хрыстос.   
 20  Хацеў бы я цяпер быць прысутным у вас і зьмяніць голас мой, бо я зьбянтэжаны вамі.   
 21  Скажыце мне вы, якія хочаце быць пад Законам: ці ж вы ня слухаеце Закону?   
 22  Бо напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго ад служкі і аднаго ад свабоднай.   
 23  Але той, які ад служкі, народжаны паводле цела, а той, які ад свабоднай, — праз абяцаньне.   
 24  Гэта ёсьць алегорыя. Бо гэта два запаветы: адзін — ад гары Сынай, які нараджае на няволю, які ёсьць Агар,   
 25  бо Агар ёсьць гара Сынай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ерусаліму, які ў няволі з дзецьмі сваімі;   
 26  а Ерусалім, які ўверсе, — свабодны, ён ёсьць маці ўсім нам.   
 27  Бо напісана: «Узьвесяліся, няплодная, якая не нараджала; загукай і закрычы, якая ня мучылася ў радзінах, бо шмат дзяцей у самотнай, больш, чым у той, якая мае мужа».   
 28  А мы, браты, паводле Ісака — дзеці абяцаньня.   
 29  Але як тады той, які быў народжаны паводле цела, перасьледаваў таго, які паводле духа, гэтак і цяпер.   
 30  Але што кажа Пісаньне? «Выжані служку і сына ейнага, бо сын служкі ня будзе спадкаемцам разам з сынам свабоднай».   
 31  Дык вось, браты, мы — дзеці ня служкі, але свабоднай.