Бц 2
 1  І былі скончаны неба і зямля, і ўсё войска іхняе.   
 2  І скончыў Бог у сёмы дзень работу Сваю, якую зрабіў, і супачыў у сёмы дзень ад усёй работы Сваёй, якую зрабіў.   
 3  І дабраславіў Бог дзень сёмы і асьвяціў яго, бо ў ім супачыў ад усёй работы Сваёй, якую стварыў Бог, робячы.   
 4  Такі вось радавод неба і зямлі, калі былі яны створаныя, у дзень, калі ГОСПАД Бог зрабіў зямлю і неба.   
 5  І не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, і ніводная палявая трава яшчэ не вырасла, бо ГОСПАД Бог не спаслаў дождж на зямлю і не было чалавека, каб абрабляць зямлю.   
 6  І пара падымалася ад зямлі, і напойвала ўсё аблічча зямлі.   
 7  І зьляпіў ГОСПАД Бог чалавека з пылу зямлі, і ўдыхнуў у ноздры ягоныя дыханьне жыцьця, і стаўся чалавека душою жывою.   
 8  І пасадзіў ГОСПАД Бог сад у Эдэне, на ўсходзе, і зьмясьціў там чалавека, якога зьляпіў.   
 9  І вырасьціў ГОСПАД Бог з зямлі ўсякае дрэва, прыгожае на выгляд і добрае на ежу, і дрэва жыцьця ў сярэдзіне саду, і дрэва спазнаньня дабра і зла.   
 10  І рака выцякала з Эдэну, каб напойваць сад, і адтуль яна разьдзялялася на чатыры галоўныя [ракі].   
 11  Назва адной — Пішон, яна атачае ўсю зямлю Хавіля, у якой золата.   
 12  А золата той зямлі добрае, там бдалях і камень онікс.   
 13  А назва другой ракі — Гіхон, яна атачае ўсю зямлю Куш.   
 14  А назва трэцяй ракі — Хідэкель, яна цячэ на ўсход Асірыі; а чацьвёртая рака — Эўфрат.   
 15  І ўзяў ГОСПАД Бог чалавека, і зьмясьціў яго ў садзе Эдэн, каб абрабляў яго і захоўваў яго.   
 16  І загадаў ГОСПАД Бог чалавеку, кажучы: “З кожнага дрэва ў садзе будзеш есьці,   
 17  але з дрэва спазнаньня дабра і зла ня еш з яго, бо ў дзень, у які будзеш есьці з яго, сьмерцю памрэш”.   
 18  І сказаў ГОСПАД Бог: “Ня добра быць чалавеку аднаму; зраблю яму дапамогу, адпаведную яму”.   
 19  І зьляпіў ГОСПАД Бог з зямлі ўсіх зьвяроў палявых і ўсіх птушак паднебных, і прывёў да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх, і як чалавек назаве кожную душу жывую, такое і імя ёй.   
 20  І назваў чалавек імёны ўсёй скаціны, і ўсіх птушак паднебных, і ўсіх зьвяроў палявых, але для чалавека не знайшлося дапамогі, адпаведнай яму.   
 21  І спусьціў ГОСПАД Бог моцны сон на чалавека, і [той] заснуў. І ўзяў Ён адно з рэбраў ягоных, і закрыў целам тое месца.   
 22  І збудаваў ГОСПАД Бог з рабра, якое ўзяў з чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека.   
 23  І сказаў чалавек: “Вось, на гэты раз, гэта костка з костак маіх і цела з цела майго. Яна будзе называцца жанчынаю, бо ўзятая з мужа”.   
 24  Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць адным целам.   
 25  І былі абое голыя, чалавек і жонка ягоная, і не саромеліся.